Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 ліпеня 2018, 19:03

За песні ІІ Еўрапейскіх гульняў можна прагаласаваць на сайце Белтэлерадыёкампаніі

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За песні ІІ Еўрапейскіх гульняў можна прагаласаваць на сайце Белтэлерадыёкампаніі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе медыяхолдынга.

На афіцыйным сайце Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі прадстаўлена пяць музычных кампазіцый фіналістаў конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў. Любы жадаючы, клікнуўшы на адпаведны банер на www.tvr.by, можа праслухаць гэтыя творы і выбраць свайго фаварыта, а вынікі галасавання будуць улічаны прафесійным журы.

Праз год на абноўленым сталічным стадыёне "Дынама" будзе дадзены старт адной з важнейшых спартыўных падзей кантынента. Нараўне з талісманам і лагатыпам спаборніцтваў адным з сімвалаў Еўрагульняў стане музычная кампазіцыя, якая прагучыць на цырымоніі адкрыцця ў Мінску.

Па выніках двух тураў конкурсу на стварэнне песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў прафесійнае журы пад старшынствам народнага артыста Беларусі Васіля Раінчыка адабрала пяць твораў, якія найбольш адпавядаюць маштабу мерапрыемства, яго тэматыцы і значнасці.

Цяпер чарга за беларускімі слухачамі, якія могуць зайсці на афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі і прагаласаваць за ампазіцыю, паўплываўшы такім чынам на меркаванне журы.

Усяго на конкурс паступіла 18 заявак не толькі з Беларусі, але і Малдовы, Аргенціны, Японіі. У фінал прайшлі наступныя песні: 1. "Winners"; 2. "Champion"; 3. "Bright Year, Bright You"; 4. "Хто, калі не мы"; 5. "This Land".

У прэс-службе адзначылі, што гэта галасаванне не нацэлена на канчатковы выбар варыянта-пераможцы і мае азнаямленчы характар. Вырашальнае слова застанецца за журы, бо ў яго складзе сапраўдныя прафесіяналы: вядомыя беларускія артысты, кампазітары і паэты, прадстаўнікі Міністэрства культуры, Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнага алімпійскага камітэта і Міністэрства спорту і турызму.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. У 15 відах спорту ў 23 дысцыплінах будуць разыграны 189 камплектаў узнагарод.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі