Сцяг Нядзеля, 5 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 красавіка 2024, 18:48

"Культурныя коды": эксперыментальныя работы маладых мастакоў прадставілі на выставе ў Мінску

25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ў арт-гасцёўні "Высокае месца" адкрылася выстава кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў "Культурныя коды", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выстава прысвечана асэнсаванню нашым маладым пакаленнем значных культурных момантаў і традыцый. Выкарыстоўваючы традыцыйныя тэхнікі, абапіраючыся на эпас, традыцыйную культуру Беларусі, мовай сучасных матэрыялаў студэнты трансліруюць свае веды і перажыванні гледачу", - расказала ідэю выставы загадчыца кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма БДАМ Аляксандра Дзятлава.

У экспазіцыі прадстаўлены курсавыя і дыпломныя работы выпускнікоў. Выстава прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Як адзначылі арганізатары, у сваіх работах студэнты адлюстравалі тое, што змаглі захаваць героі ў час вайны, - нашу багацейшую культуру. "Мовай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва студэнты перадалі нашы культурныя коды. І яны счытваюцца любым гледачом. Нават калі чалавек далёкі ад мастацтва, ён адчуе іх на ўзроўні падсвядомасці", - падкрэсліла загадчык кафедры.

Усяго ў экспазіцыі прадстаўлена 104 работы. Кожная з іх прысвечана нейкай важнай падзеі і чалавеку ў гісторыі Беларусі. Напрыклад, калекцыя "Тайны Гальшанскага замка" дэманструе жыццё замка раней і цяпер. Мастак на хустках адлюстраваў, як раней праходзілі рыцарскія турніры, як сёння яны ператварыліся ў фестывалі і як тайныя праходы сталі экскурсійнымі аб'ектамі.

Адна з калекцый прысвечана Язэпу Драздовічу. Аўтар у тэхніцы тафтынгу (ручнога стварэння дывана) паказаў падарожжы беларускага мастака. Дыван выкарыстоўваецца і ў калекцыі "Элемент", прысвечанай вывучэнню радыяцыі і наступстваў чарнобыльскай аварыі. Адзін са студэнтаў паказаў сваё бачанне нашага традыцыйнага свята Купалле ў шкле.

Аляксандра Дзятлава ўпэўнена, што гэта выстава дапаможа ў прафарыентацыі моладзі. "Наведвальнікам будзе цікава паглядзець на эксперыментальныя работы маладых мастакоў, яшчэ студэнтаў. Гэтыя работы мала дзе глядач можа ўбачыць", - дадала яна.

Выстава прадоўжыцца па 9 чэрвеня.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі