Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 сакавіка 2019, 17:04

Выстава акварэлі Генадзя Шутава адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі 26 сакавіка

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Рэчаіснасць", прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння беларускага акварэліста і графіка Генадзя Шутава, адкрыецца 26 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, паведаміла БЕЛТА куратар праекта, малодшы навуковы супрацоўнік музея Кацярына Дасько.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены больш за 50 твораў мастака 1960-2010-х гадоў. Вядучымі ў творчасці Генадзя Шутава з'яўляюцца жанры нацюрморта і пейзажа. Выстава дасць магчымасць прасачыць мастацкі шлях, убачыць творчыя пошукі майстра, раскрыць грані асобы аўтара.

"Карціны Шутава расказваюць аб навакольным жыцці чалавека - пейзажах, якія ён бачыў, нацюрмортах, прадметах гісторыі і быту. Мастак валодаў асаблівым дарам - уменнем разгледзець паэзію жыцця ў яе прастаце. Яго нацюрморты скампанаваны з добра знаёмых прадметаў: ключы, часткі драўлянай пабудовы, гліняныя гаршкі, засохлыя букеты, фатаграфіі, шкляныя сасуды, абрыўкі газет, часопісаў, - расказала куратар выставы. - У сваіх пейзажах з віртуознай кампазіцыяй мастак не проста фіксуе мясцовасць, а прапускае яе праз прызму сваёй асобы".

Назва экспазіцыі - "Рэчаіснасць" - гаворыць аб тым, што наведвальнікі акажуцца ў рэальнасці аўтара, якая складаецца з прыродных і гістарычных з'яў.

Выстава будзе працаваць па 25 красавіка.

Генадзь Шутаў (1939-2017) - акварэліст, графік. Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае педвучылішча, потым Маскоўскі паліграфічны інстытут. Член Беларускага саюза мастакоў. З 1976 па 1986 год быў старшынёй праўлення Віцебскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР. Узнагароджаны ордэнам "Знак Пашаны". У 1996 годзе было прысвоена званне "Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь". У 2011 годзе стаў лаўрэатам Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за значны ўклад у развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва і стварэнне ўнікальных нацюрмортаў. Работы мастака захоўваюцца ў розных музейных і прыватных калекцыях: Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Метраполітэн-музеі ў Нью-Ёрку, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеях Парыжа, Кіева, Ашхабада, Смаленска, Віцебска, Магілёва, Полацка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі