Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 ліпеня 2018, 15:55

Выстаўка да 80-годдзя народнага артыста Беларусі Ігара Лучанка адкрываецца 8 жніўня

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка "Зачараваны музыкай" да 80-годдзя народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Ігара Лучанка адкрываецца 8 жніўня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Госці змогуць азнаёміцца з дакументальнымі матэрыяламі, фатаграфіямі, убачыць асабістыя рэчы, віншаванні, граматы кавалера ордэна Францыска Скарыны, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшыні праўлення Беларускага саюза кампазітараў Ігара Лучанка, афішы.

Нарадзіўся Ігар Міхайлавіч у Мінску 6 жніўня 1938 года. Музычную адукацыю атрымаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1961). Яго дыпломнай работай сталі сімфонія (1961) і кантата "Курган" (1962) паводле аднайменнай паэмы Янкі Купалы, у далейшым перапрацавана ў рок-оперу "Гусляр" (1971) для ансамбля "Песняры". Талент кампазітара развіваўся ў Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара В. М. Салманава (1965) і ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ц. М. Хрэннікава (1970). У 1963 годзе малады кампазітар вяртаецца ў альма-матар - Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў якасці выкладчыка, а з часам - і рэктара (1982-1985).

У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада "Памяць сэрца" (на словы паэта М. Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію. Гэта песня стала вяхой і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці ў наступных песнях - "Хатынь", "Каб камяні маглі гаварыць", "Пісьмо з 45-га", "Курган Славы", "Старое кіно", "Майскі вальс".

Ігар Лучанок звяртаецца да творчасці многіх паэтаў: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Петруся Броўкі і інш., а таксама расійскіх паэтаў Роберта Раждзественскага, Яўгена Еўтушэнкі. Шчыра выказана любоў да Беларусі ў вядомых песнях "Мой родны кут", "Я хаджу закаханы", "Спадчына", "Жураўлі на Палессе ляцяць". Неабходна адзначыць і лірычныя песні, такія як "Вераніка", "Алеся", "Зачарованая мая". Мелодыю "Песні пра Мінск" адбіваюць кожную гадзіну куранты на вежы Мінскай ратушы.

Выстаўка "Зачараваны музыкай" будзе працаваць па 24 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі