7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Названы пераможцы міжнароднага конкурсу сучаснага мастацтва для дзяцей і моладзі Аvanti, які праходзіў 6 мая ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары конкурсу.
Уладальнікі Гран-пры былі вызначаны ў кожным відзе мастацтва. Так, у намінацыі "джазавы вакал" лепшай стала Віялета Гайкевіч з Магілёва, "харэаграфія" - узорны харэаграфічны калектыў "Школьны квартал" з Полацка, "эстрадныя ансамблі" - узорны ансамбль "Песенька" з Мінска. Арына Пехцерава з Магілёва (малодшая ўзроставая група), Самір Ёлічаў з Магілёва (сярэдняя ўзроставая група) і Ева Коган з Мінска (старэйшая ўзроставая група) перамаглі ў намінацыі "вакал", Ніколь Ясепкіна з Магілёва - "тэатр аднаго акцёра", фальклорны ансамбль "Расціслаў" з Расіі - "народны вакал".
Лепшым артыстам таксама ўручаны дыпломы лаўрэата I, II, III ступені, дыпламанта I, II, III ступені. За асаблівыя дасягненні дзесяць удзельнікаў конкурсу сталі ўладальнікамі спецыяльных прызоў.
У журы ўвайшлі прафесіяналы: прадзюсары, паэты, кампазітары, аранжыроўшчыкі, рэжысёры, папулярныя выканаўцы, мадэльеры, артысты цырка, прадстаўнікі СМІ.
Вядучымі конкурсу сталі юныя таленты - удзельнікі конкурсу Андрэй Філатаў (Украіна) і Паліна Чайкоўская (Беларусь).
VІ Міжнародны дзіцячы конкурс сучаснага мастацтва Аvanti прайшоў на дзвюх канцэртных пляцоўках - у канцэртнай зале "Атлант" і Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў. Выступілі больш за 2 тыс. чалавек - адораныя дзеці і моладзь ва ўзросце ад 4 да 25 гадоў з розных краін свету.
Конкурс праводзіцца ў мэтах развіцця і ўмацавання міжнародных культурных сувязей, папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры і мастацтва. Яго задачамі з'яўляюцца развіццё творчага патэнцыялу дзяцей, падтрымка культурных традыцый і фарміраванне цікавасці да розных жанраў сучаснага мастацтва. Заснавальнікам спаборніцтва выступае ПУП "Адукацыйна-прадзюсарскі цэнтр "Аванці" (Мінск).-0-