Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 сакавіка 2018, 09:26

Стоўбцы прымаюць I Міжнародны форум духавога мастацтва "Фанфары наднямоння"

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. I Міжнародны форум духавога мастацтва "Фанфары наднямоння" пройдзе ў Стоўбцах 15-16 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Мінаблвыканкаме.

Асноўнымі пляцоўкамі форуму стануць Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў і Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры. Галоўнай мэтай правядзення мерапрыемства з'яўляецца папулярызацыя духавой музыкі, а таксама падтрымка канцэртнай дзейнасці айчынных і замежных калектываў і выканаўцаў духавой музыкі.

Пасля адкрыцця форуму, 15 сакавіка, пройдзе міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы развіцця духавога мастацтва Беларусі і замежных краін: гісторыя, тэорыя, арганізацыйна-творчыя аспекты". У першы дзень мерапрыемства адбудуцца некалькі майстар-класаў, якія правядуць вядомыя дзеячы культуры і музычнага мастацтва. Так, у цэнтры ўвагі будзе сістэма арганізацыі індывідуальных і самастойных заняткаў навучэнцаў аддзяленняў духавых і ўдарных інструментаў у Беларусі; асаблівасці папулярызацыі традыцыйных народных духавых інструментаў беларусаў; мастацка-творчыя і педагагічныя аспекты функцыянавання духавых аркестраў на прыкладзе дзейнасці польскіх калектываў і інш. Завершыць першы дзень музычнага форуму канцэрт "Парад Еўрапейскіх дырыжораў" у Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры. Удзел у ім прымуць прадстаўнікі беларускай, латышскай, польскай, расійскай і ізраільскай дырыжорскіх школ.

Конкурсным днём стане 16 сакавіка. Удзельнікі форуму (прадстаўнікі дзіцячых школ мастацтваў, сярэдніх школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў) у малодшай, сярэдняй і старэйшай узроставых групах будуць дэманстраваць майстэрства валодання такімі інструментамі, як труба, флейта, саксафон, дудка, кларнет, габой і інш. Вызначэнне пераможцаў будзе праводзіцца па 25-бальнай сістэме. Аргкамітэтам форуму прадугледжана ўручэнне Гран-пры, а таксама прысуджэнне званняў лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу, уручэнне прызоў юных музыкантаў.

Арганізатарамі I Міжнароднага форуму духавога мастацтва "Фанфары наднямоння" выступаюць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама, Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў, Беларускі саюз музычных дзеячаў, Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў, Асацыяцыя выканаўцаў на народных духавых інструментах. Плануецца, што ў далейшым Міжнародны форум духавога мастацтва будзе праходзіць у Стаўбцоўскім раёне адзін раз у два гады па цотных гадах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі