Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лютага 2019, 10:54

Сакральную культуру касцёла прадставяць у Нацыянальным гістарычным музеі

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адкрыццё выстаўкі "Сакральная культура касцёла Беларусі" адбудзецца 14 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў музеі.

"Праект ажыццяўляецца ў рамках мемарандума аб супрацоўніцтве, падпісанага паміж Нацыянальным гістарычным музеем і курыяй Мінска-Магілёўскай архіепархіі. Выстаўка прызначана паказаць асноўныя традыцыі каталіцкай царквы Беларусі - найбольш значныя святы літургічнага гадавога цыкла і своеасаблівыя культурныя звычаі, а таксама надзвычайныя артэфакты, перанесеныя з сакральнай прасторы касцёлаў у прастору свецкую", - расказалі ў музеі.

У прыватнасці, сярод экспанатаў - арнат са слуцкіх паясоў і манстранцыя, зробленая ў 1783 годзе спецыяльна да асвячэння касцёла Ушэсця Прасвятой Дзевы Марыі ў Будславе, лаўка для малітвы, якую выкарыстоўвалі сёстры-назарэцянкі, расстраляныя нацыстамі ў Навагрудку ў 1943 годзе, і беатыфікаваная ў 2000 годзе, літургічныя рэчы з касцёлаў Беларусі.

Прадметы для выстаўкі прадстаўлены шэрагам устаноў Мінска-Магілёўскай архіепархіі і Гродзенскай епархіі. Знакавае месца на выстаўцы зоймуць артэфакты з прыватнай калекцыі Ігара Сурмачэўскага, які на працягу многіх гадоў збірае і рэстаўрыруе прадметы, звязаныя ў тым ліку і з рэлігійнай тэматыкай. У іх ліку карта манастыроў францысканцаў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай 1753 года, грамата Сігізмунда Вазы на будаўніцтва царквы Святога Духа пры базыльянскім манастыры 1613 года, слуцкі пояс, абразы, прыклады беларускага драўлянага дойлідства і многае іншае.

Каталіцкая богаслужэбная музыка і кніжная спадчына будуць прэзентаваны рукапісамі і кнігамі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а таксама прадметамі з прыватнай калекцыі Святланы Шэйпа. Шэраг твораў іканапісу прадставіць Нацыянальны мастацкі музей.

Выстаўка "Сакральная культура касцёла Беларусі" будзе працаваць у Нацыянальным гістарычным музеі па 20 сакавіка. У яе рамках адбудзецца перадача музею кніг секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў каталіцкай царквы камісіі Божага культу і дысцыпліны таінстваў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Усяго будзе падорана каля 30 пазіцый літургічнай літаратуры", - адзначыў карэспандэнту БЕЛТА адзін з куратараў праекта прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Санько.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі