7 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цырымонія ўручэння 76-й прэміі "Залаты глобус" за заслугі ў галіне кінематографа і тэлебачання прайшла ў Лос-Анджэлесе. Лепшым драматычным фільмам названа "Багемская рапсодыя", прысвечаная групе Queen, паведамляецца ў Twitter "Залатога глобуса".
Рамі Малека, які сыграў Фрэдзі Мэрк'юры ў "Багемскай рапсодыі", прызналі лепшым акцёрам у драматычным фільме. З актрыс лепшай стала Глен Клоўз за ролю ў карціне "Жонка".
У намінацыях "Лепшая камедыя і мюзікл" і "Лепшы сцэнарый" перамога ў камедыйнай драмы "Зялёная кніга". Лепшым рэжысёрам назвалі Альфонса Куарона за фільм "Рома". Гэта ж карціна названа лепшым фільмам на замежнай мове.
Песня "Shallow" Ледзі Гагі, Марка Ронсана, Энтані Расаманда і Эндру Уаета з карціны "Зорка нарадзілася" прызнана лепшай кампазіцыяй.
У тэлевізійнай катэгорыі лепшы драматычны серыял - "Амерыканцы", камедыйны - "Метад Камінскі", міні-серыял або тэлефільм - "Забойства Джані Версачэ: Амерыканская гісторыя злачынстваў".
Прэмія "Залаты глобус" прысуджаецца кожны год Асацыяцыяй замежных журналістаў, акрэдытаваных у Галівудзе. Статуэткі ў выглядзе глобуса атрымліваюць пераможцы ў больш як 20 намінацыях.-0-