Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 лютага 2018, 14:13

Народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву спаўняецца 95 гадоў

5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народнаму мастаку, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Леаніду Шчамялёву сёння спаўняецца 95 гадоў.

Жывапісец Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў стаіць у шэрагу тых мастакоў, творы якіх займаюць значнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі. Яго творчасць называюць летапісам эпохі. У сваіх творах Шчамялёў праслаўляе Беларусь, ствараючы ўзвышаныя, паэтычныя вобразы роднай зямлі і яе жыхароў. Вядучыя тэмы яго палотнаў - подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, чалавек-працаўнік, прыгажосць роднай зямлі.

Нарадзіўся мастак 5 лютага 1923 года ў Віцебску. Скончыўшы Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. Таксама быў выкладчыкам на архітэктурным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута.

Леанід Шчамялёў - удзельнік мастацкіх выстаў з 1958 года. Яго карціны экспанавалі ў Канадзе, ЗША, Францыі, Італіі, Ізраілі, Фінляндыі, Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, іх набывалі вядомыя галерэі і музеі. Творы Леаніда Шчамялёва знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі.

Жыццё не было лёгкім для Леаніда Дзмітрыевіча, як і для многіх іншых мастакоў старэйшага пакалення. Творчую біяграфію Леаніда Шчамялёва можна лічыць адлюстраваннем гісторыі краіны. Мастак - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Шчамялёў ваяваў на Курскай дузе, вызваляў ад ворага Беларусь, у баі за Мазыр быў цяжка паранены. Безумоўна, гэтыя драматычныя падзеі паўплывалі на яго творчасць, вызначылі стылявыя характарыстыкі і сэнсавую напоўненасць яго жывапісу.

"Усё, што я ўвасабляю на палотнах, - маё жыццё. Гэта гісторыя маёй Радзімы. Гэта памяць, як адно з самых запаветных паняццяў. Гэта людзі, якіх бясконца люблю. І - прырода, без якой не ўяўляю свайго існавання", - гаворыць Леанід Шчамялёў.

Як напісаў даследчык яго творчасці Барыс Крэпак, у Шчамялёва няма твораў, якія пазбаўлены асабістай веры, страсці. Творы мастака вылучаюцца свабоднай манерай выканання, выкарыстаннем святлоценявых дынамічных эфектаў, адсутнасцю дэталізацыі, экспрэсіўнасцю, а партрэты - псіхалагічнай глыбінёй і шчодрасцю характарыстык. Сярод работ: карціны "Цяжкія гады", "Першы дзень міру", "Палявы трыбунал", цыклы "Край мой Міншчына", "Ільны івянецкія", "Лета", партрэты "Настаўніца", беларускіх мастакоў Рыгора Вашчанкі і Віталя Цвіркі, "Аўтапартрэт", пейзажы "Асенні кліч", "Зіма ў Ракаве", "Майскі вечар".

Уплыў Леаніда Шчамялёва на жывапісную культуру Беларусі другой палавіны XX стагоддзя велізарны. Ён мае шмат вучняў і паслядоўнікаў.

Званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі яму было прысвоена ў 1977 годзе, званне народнага мастака Беларусі - у 1983 годзе. Ён з'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982 год). За значны ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва жывапісец узнагароджаны медалём і ордэнам Францыска Скарыны, сярэбраным медалём ВДНГ СССР. У 2010 годзе за серыю работ "Палітра майго часу" яму было прысуджана званне лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

У Мінску ў 2003 годзе была адкрыта Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Шчамялёва, аснову якой склалі творы, падораныя гораду мастаком. Галерэя Леаніда Шчамялёва стала адным з цэнтраў культурнага жыцця беларускай сталіцы. З 2003 года Леанід Дзмітрыевіч - ганаровы грамадзянін горада Мінска.

Выстава жывапісу Леаніда Шчамялёва адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі да 95-годдзя народнага мастака Беларусі. Экспазіцыя ўвасабляе 70 гадоў жыцця ў мастацтве Леаніда Шчамялёва - ад пасляваеннага навучэнца да выдатнага майстра XXI стагоддзя, жыццё і лёс якога прыклад выключнага чалавечага і творчага даўгалецця, стойкасці і адданасці выбранаму шляху. На выставе будзе прадстаўлена 60 твораў 1960-2000-х гадоў са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Музея гісторыі горада Мінска.

24 студзеня 2018 года ў эфіры сацыякультурнага канала "Беларусь 3" стартаваў праект "Сучаснае мастацтва Беларусі", адзін з 10-ці фільмаў якога прысвечаны народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі