Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 сакавіка 2018, 10:02

"Маленькі прынц" вяртаецца на сцэну Брэсцкага тэатра драмы

15 сакавіка, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. У Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы 18 сакавіка адбудзецца прэм'ерны паказ адноўленага спектакля "Маленькі прынц", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Філасофскую казку паводле сусветна вядомага твора французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы заслужаны калектыў Беларусі ставіць другі раз. Адноўлены спектакль-рэквіем прысвячаецца памяці заснавальнікаў пастаноўкі - мастака Віктара Лесіна, кампазітара Васіля Кандрасюка і акцёра Віктара Піскуна, які іграў першым галоўную ролю ў "Маленькім прынцы" больш за дзесяць гадоў таму.

"Хацелася б, каб гэтых людзей не забывалі. Таму мы аднаўлялі спектакль у тым выглядзе, у якім ён быў пастаўлены ў 2006 годзе: па рэквізіце, дэкарацыях, сцэнаграфіі, музыцы. Была спроба перанесці пастаноўку на вялікую сцэну, але з гэтага нічога не атрымалася - іншы ракурс, пасыл, камернасць. Таму мы пераканалі кіраўніцтва тэатра ставіць спектакль у малой зале. Да гэтай работы было вырашана вярнуцца яшчэ і таму, што ў тэатр прыйшло шмат маладых акцёраў. Акрамя таго, заяўленая тэматыка павінна быць цікавай сярэдняму і старэйшаму школьнаму ўзросту, а для гэтай аўдыторыі ў нас не так шмат спектакляў", - расказаў рэжысёр-пастаноўшчык Цімафей Ільеўскі.

З ранейшага складу "Маленькага прынца" ў новай пастаноўцы заняты акцёры Генадзь Чурыкаў і Алег Бузук. Галоўную ролю лётчыка іграе акцёр Міхаіл Ільіч, Маленькага прынца - Іван Гізмант. Таксама ў спектаклі заняты Кацярына Яцкавец, Таіса Осіпава, Вячаслаў Цыцкоўскі, Сяргей Кандрацюк, Дар'я Старасотнікава, Дзмітрый Бацюк, Арцём Загдай, Аляксандра Грыбко, Вольга Жук.

Алегарычная аповесць Экзюперы з'яўляецца адной з лепшых выхаваўчых кніг у сусветнай літаратуры. На мове казкі яна гаворыць з людзьмі любых узростаў пра жыццё і смерць, любоў і дружбу, вучыць быць шчаслівымі. Для гэтага трэба толькі ўмець атрымліваць асалоду ад паху кветак і заходу сонца, не пакідаць тых, каго любіш. Гісторыя прыгод маленькага чыстага хлопчыка па нязведаных планетах нясе неверагодную канцэнтрацыю жыццёвай мудрасці.

"Экзюперы напісаў свайго "Маленькага прынца" на адным дыханні. Хоць загадак у аповесці шмат. У сцэнічнай адаптацыі мы не спрабуем яе трактаваць па-свойму, а стараемся ў нейкай ступені перадаць тое, што закладзена аўтарам. Калі твор мнагаслойны, яго складана інтэрпрэтаваць. На мой погляд, у гэтым выпадку важней асацыяцыі, намёкі, чым лабавое тлумачэнне", - растлумачыў канцэпцыю пастаноўкі аўтар.

Спектакль ідзе 1 гадзіну 45 хвілін без антракту. Другі прэм'ерны паказ філасофскай казкі запланаваны ў БАТД на 24 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі