Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 ліпеня 2018, 14:35

Летняму амфітэатру ў Віцебску - 30 гадоў

Летні амфітэатр - галоўная канцэртная пляцоўка міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Яго будаўніцтва пачалося ў 1987 годзе для правядзення Усесаюзнага фестывалю польскай песні. Летам 1988 года ён прыняў на сваёй сцэне першых выканаўцаў.

Узвядзенне канцэртнай пляцоўкі патрабавала ўзгаднення з партыйным кіраўніцтвам. У ЦК КПСС планавалі, што пляцоўкай для фестывалю будзе адзін з буйных канцэртных цэнтраў у Прыбалтыцы. Аднак для размяшчэння комплексу менавіта ў Віцебску была важкая прычына - Віцебск быў горадам-пабрацімам Зялёна-Гуры ў Польшчы, дзе з 1965 года праводзіўся фестываль савецкай песні.

Уладзімір Грыгор'еў, які быў у той час першым сакратаром Віцебскага абкама кампартыі Беларусі, абмеркаваў тэму правядзення міжнароднага фестывалю ў Віцебску з сакратарамі ЦК КПСС Ягорам Лігачовым і Вадзімам Мядзведзевым, затым з паслом СССР у Польшчы Уладзімірам Бровікавым, які ў сваю чаргу ўзгадніў гэта пытанне з кіраўніком польскай дзяржавы Войцэхам Ярузэльскім. У выніку шматбаковых арганізацыйных намаганняў удалося атрымаць ад усіх адказных асоб СССР і Польшчы адабрэнне гэтай ідэі.

Уладзімір Віктаравіч Грыгор'еў'

У тыя гады ЦК КПСС для эканоміі дзяржаўных сродкаў не падтрымліваў будаўніцтва ў СССР буйных забаўляльных цэнтраў, таму Уладзімір Грыгор'еў пад сваю адказнасць прыцягнуў віцебскіх праекціроўшчыкаў, і будоўля пачалася. У далейшым, калі фестываль польска-савецкай песні вырас у "Славянскі базар", Уладзімір Грыгор'еў, працуючы ўжо ў апараце Саюзнай дзяржавы, а затым паслом Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, прадаўжаў аказваць падтрымку развіццю гэтага культурнага праекта.

Пляцоўка пад будаўніцтва выбіралася вельмі ўважліва, вырашылі, што лепшым месцам стане натуральнае паглыбленне ў яры ручая, схілы якога будуць ахоўваць яе ад гарадскога шуму. Дарэчы, у пачатку XX стагоддзя на месцы сённяшняга Летняга амфітэатра знаходзіўся цырк Леры, намаляваны на многіх карцінах настаўніка Марка Шагала - Юдаля Пэна. Час паказаў, што выбар месца для будаўніцтва амфітэатра быў удалым.

Канцэртны комплекс па праекце архітэктара В.А.Бабашкіна быў пабудаваны за рэкордна кароткія тэрміны. Для арганізацыі фестывалю было закуплена ўнікальнае музычнае абсталяванне. Канцэртны комплекс быў разлічаны на 5 тыс. гасцей, двух'ярусная сцэна заняла 430 кв. м.

У 1988 і 1990 гадах у амфітэатры прайшлі канцэрты двух Усесаюзных фестываляў польскай песні.

Фестываль "Славянскі базар у Віцебску" праходзіць у Летнім амфітэатры з 1992 года. За мінулыя гады на яго сцэне пабывалі практычна ўсе вядомыя выканаўцы краін СНД.

II Міжнародны музычны фестываль "Славянскі базар". Віцебск, ліпень 1993 года'

Фестываль "Славянскі базар-97". Ліпень 1997 года'

Будынак амфітэатра рэканструяваўся ў 1999 годзе, тады быў падняты на тры метры сярэдні ярус глядзельнай залы, драўляныя сядзенні заменены пластмасавымі крэсламі, была абсталявана гасцявая ложа на 15 месцаў. У будынку для артыстаў надбудавалі трэці паверх. У 2001 годзе быў надбудаваны яшчэ адзін паверх, у якім размясцілі грымёрныя, і пабудавана новае кафэ для артыстаў.

Ідуць работы ў Летнім амфітэатры. Чэрвень 2000 года'

Летні амфітэатр. Ліпень 2001 года'

У 2002 годзе на адкрыцці дзясятага "Славянскага базару ў Віцебску" прысутнічалі прэзідэнты Расіі, Украіны і Беларусі. З 2003 года неад'емнай часткай фестывалю стаў Дзень Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

У 2006 годзе пачалася новая маштабная рэканструкцыя амфітэатра. Галоўным архітэктарам праекта рэканструкцыі быў Аляксандр Зафатаеў. У выніку колькасць глядзельных месцаў была павялічана да 6200 і ўзведзены дах над глядзельнай залай. Дах уяўляе сабой ажурную металічную канструкцыю, пакрытую полікарбанатам, яна ўзвышаецца на 25 м над глядзельнай залай. На даху знаходзіцца 10 тыс. святлодыёдаў, якія ствараюць унікальныя карцінкі. Купал даўжынёй 120 м трымаецца на дзвюх палях, пры гэтым дах можа вытрымаць і моцны снегапад, і лівень. Аналагаў яму няма ў свеце. У выніку рэканструкцыі былі ўстаноўлены новыя зручныя месцы для гледачоў, два вялікія экраны, камфартабельныя грымёрныя для артыстаў, кабінеты для тэхнічнага персаналу, абноўлена гукавое і светлавое абсталяванне вядучых кампаній з Германіі, Францыі, Італіі, ЗША, распрацаванае спецыяльна для Летняга амфітэатра. Да ліпеня 2007 года рэканструкцыя была завершана.

Ідзе рэканструкцыя амфітэатра. Май 2007 года'

Летні амфітэатр у Віцебску. Ліпень 2007 года'

Сёння Летні амфітэатр у сваёй аснове мае тры састаўныя часткі: трыбуны, частка якіх размяшчаецца па схіле яра, артыстычны чатырохпавярховы блок са сцэнай і дах над трыбунамі.

Летні амфітэатр у Віцебску ў дні "Славянскага базару - 2018"'

Побач з амфітэатрам у 2009 годзе была адкрыта Алея лаўрэатаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".

Летні амфітэатр у Віцебску па праву лічыцца адной з самых вядомых і прэстыжных пляцовак СНД. Усе артысты-пачаткоўцы мараць трапіць сюды, паколькі выступленне тут - гэта яркі старт кар'еры для маладога выканаўцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі