Поўная версія

Гісторыю краіны ў фатаграфіях прадставіць сумесны праект БЕЛТА і "Беларусь 24"

Культура 22.05.2018 | 18:09
Фотаальбом БЕЛТА "Iмгненнi стагоддзя" на форуме "СМІ ў Беларусі". Фота з архіва
Фотаальбом БЕЛТА "Iмгненнi стагоддзя" на форуме "СМІ ў Беларусі". Фота з архіва

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гісторыю краіны ў фатаграфіях прадставіць сумесны праект Беларускага тэлеграфнага агенцтва і тэлеканала "Беларусь 24", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Беларускае тэлеграфнае агенцтва і тэлеканал "Беларусь 24" з 21 мая рэалізуюць праект да Дня Незалежнасці. Асновай яго стаў альбом БЕЛТА, выпушчаны да 100-годдзя агенцтва, "Імгненні стагоддзя". Як расказала кіраўнік аддзела маркетынгу і прамаціравання тэлеканала Надзея Мазур, на сайце канала "Беларусь 24" і яго старонках у сацсетках да 3 ліпеня будуць прадстаўлены фатаграфіі з гэтага выдання, што ілюструюць гісторыю і сучаснасць краіны.

Абнаўленне рубрыкі праекта плануецца двойчы на тыдзень. Наведвальнікі рэсурсаў "Беларусь 24" змогуць убачыць частку здымкаў, што ўвайшлі ў альбом. Гэта арыгінальныя работы, зробленыя фотакарэспандэнтамі агенцтва за 100 гадоў яго існавання.

Інтэрнэт-карыстальнікі змогуць пазнаць на архіўных фатаграфіях сучасныя вуліцы беларускай сталіцы, а таксама параўнаць, напрыклад, як праводзіліся народныя абрады дзесяцігоддзі таму і як гэта адбываецца сёння. Змогуць убачыць сфатаграфаваныя эмоцыі спартсменаў на п'едэстале прэстыжных міжнародных спаборніцтваў шмат гадоў таму і радасць перамогі цяперашніх зорак. У альбоме адлюстраваны ўсе сферы жыцця: прамысловасць, ахова здароўя, адукацыя, культура, спорт. "Юбілейны фотаальбом БЕЛТА атрымаўся вельмі выразным, яркім. Хацелася б, каб "пагартаць" яго і з нашай дапамогай змагло як мага больш людзей", - сказала Надзея Мазур.

Глядацкая аўдыторыя "Беларусь 24" - 297 млн чалавек больш як у 100 краінах. Гэта ў першую чаргу этнічныя беларусы, якія пражываюць за межамі радзімы. Гэтай частцы аўдыторыі, безумоўна, будзе цікавы праект, але ён адрасаваны і замежным грамадзянам, якія адкрываюць для сябе Беларусь.

Акрамя таго, у эфіры праграмы "Падзеі" 26 мая генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч раскажа пра гэты праект, пра юбілейны фотаальбом, а таксама пра планы БЕЛТА, якое адзначае ў снежні 2018 года 100-годдзе.-0-

Навіны рубрыкі Культура
Поўная версія