Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 верасня 2018, 10:18

Беларускі кампазітар і прадзюсар Алег Елісеенкаў адзначае 60-годдзе

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кампазітар, аўтар дзясяткаў хітоў, прадзюсар, які запальвае зоркі на беларускай эстрадзе, Алег Елісеенкаў святкуе сёння 60-годдзе.

Алег Мікалаевіч Елісеенкаў нарадзіўся 21 верасня 1958 года ў горадзе Спас-Дземенск (Калужская вобласць Расіі) у сям'і настаўніцы і музыканта. Вырас хлопчык у беларускім горадзе Маладзечне, куды бацькі пераехалі ў хуткім часе пасля нараджэння сына. Яго бацька быў адным з першых выкладчыкаў Маладзечанскага музычнага вучылішча (з 2011 года - Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага). Мікалай Елісеенкаў быў настаўнікам Юрыя Антонава.

У 1973 годзе Алег Мікалаевіч скончыў Маладзечанскае музычнае вучылішча па спецыяльнасці "тэорыя музыкі". Праз чатыры гады ён пакінуў Маладзечна і пачаў няпросты, але яркі шлях кампазітара і прадзюсара.

Алег Елісеенкаў пайшоў па слядах бацькі. Ён з'яўляецца дацэнтам кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кіруе студыяй "Гран-пры" Дзяржаўнага канцэртнага аркестра. Алег Елісеенкаў адыграў вялікую ролю ў станаўленні маладых выканаўцаў Таццяны Путырскай, Валерыя Дзідзюлі, Дзмітрыя Калдуна, Пятра Ялфімава. Таксама сярод яго выхаванцаў Вера Карэтнікава, Слава Нагорны і група "Ванільнае неба", якая ў 2005 годзе заняла ўсе верхнія радкі хіт-парада Першага нацыянальнага тэлеканала "На скрыжаваннях Еўропы".

Складана знайсці ў Беларусі выканаўцу, у чыім творчым поспеху не паўдзельнічаў Алег Елісеенкаў. Ён напісаў музыку да песень Андрэя Хлястова "Спасибо тебе", "Ты такая", "Невеста"; Ірыны Дарафеевай "Ветразь кахання"; Алесі "Не потеряй", "Птицы", "Усмешка"; большасці песень з рэпертуару Аляксандра Саладухі.

Алег Елісеенкаў таксама піша музыку для кінафільмаў і тэатральных пастановак. Спектакль Віктара Гасцюхіна "Механічны чалавек" заканчваецца яго песняй.

Алег Мікалаевіч Елісеенкаў - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, член грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз кампазітараў", уладальнік спецыяльнага дыплома Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы за творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі, а таксама прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015-2016 гады. У 2009 годзе ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.-0-

Фота з архіва

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі