Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 мая 2018, 19:42

"Беларусь 1" і "Беларусь 24" пакажуць першы паўфінал "Еўрабачання-2018" 8 мая

2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. "Беларусь 1" і "Беларусь 24" пакажуць першы паўфінал міжнароднага конкурсу песні "Еўрабачання-2018", які пройдзе 8 мая ў Лісабоне, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Прамая трансляцыя пачнецца ў 22.00, каменціраваць галоўнае музычнае тэлевізійнае шоу Еўропы будзе журналіст Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі Яўген Перлін.

Прадстаўнік Беларусі ALEKSEEV з кампазіцыяй "Forever" выступіць пад нумарам 8. Разам з ім за пуцёўку ў фінал будуць змагацца выканаўцы з Азербайджана, Ісландыі, Албаніі, Бельгіі, Чэхіі, Літвы, Ізраіля, Эстоніі, Балгарыі, Македоніі, Харватыі, Аўстрыі, Грэцыі, Фінляндыі, Арменіі, Швейцарыі, Ірландыі, Кіпра.

У першым паўфінале галасуюць краіны-ўдзельніцы, а таксама Партугалія, Іспанія і Вялікабрытанія. Тэлефонныя нумары для галасавання будуць аб'яўлены каментатарам і абазначаны эфірнай графікай. У адпаведнасці з правіламі конкурсу, беларускія тэлегледачы не могуць галасаваць за песню, якая прадстаўляе іх краіну.

У прэс-службе адзначылі, што заўтра на сцэне Altice Arena беларускі выканаўца правядзе другую індывідуальную рэпетыцыю. "Унесены карэкціроўкі ў сцэнічнае асвятленне, а таксама будзе падрыхтаваны дадатковы дэкор для платформы, з'явяцца люстэркі, якія створаць паветраны эфект. Таксама давядзецца адпрацаваць узаемадзеянне з аператарам, які будзе здымаць адзін з галоўных візуальных момантаў нумара - ружу", - расказалі ў Белтэлерадыёкампаніі.

Усяго ў 63-м конкурсе "Еўрабачанне-2018" прымаюць удзел 43 краіны. Партугалія праводзіць песенны форум упершыню. Слоган сёлетняга "Еўрабачання" - "All Aboard!" ("Усе на борт!"). У мінулым годзе ўпершыню весці конкурс было даверана выключна мужчынам, а на гэты раз вядучымі стануць чатыры дзяўчыны - Філамена Каўтэла, Сільвія Альберта, Даніэла Руа і Катарына Фуртада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі