Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 жніўня 2018, 18:59

Вынікі ўступнай кампаніі-2018 - у Мінадукацыі назвалі самыя высокія конкурсы і прахадныя балы

7 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уступная кампанія для атрымання вышэйшай адукацыі першай ступені 2018 года завяршылася. У Міністэрстве адукацыі падвялі яе вынікі, назваўшы найбольш высокія конкурсы і прахадныя балы, паведамляе БЕЛТА.

Высокія конкурсы на бюджэтную дзённую форму назіраліся па спецыяльнасцях "рэжысура кіно і тэлебачання" (6,4 чалавека на месца), "інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі" (6,7 чалавека на месца), "спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)" (7,6 чалавека на месца) і "дызайн (графічны)" (11,2 чалавека на месца). Найбольш высокія прахадныя балы на спецыяльнасцях "міжнароднае права" (384), "эканоміка электроннага бізнесу" (384), "сучасныя замежныя мовы" (378), "стаматалогія" (375) і "арганізацыя руху і забеспячэнне палётаў на паветраным транспарце (арганізацыя паветранага руху)" (368).

Больш за 5 тыс. чалавек папоўняць рады будучых педагогаў у ВНУ краіны. У Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка залічана 800 студэнтаў на дзённую бюджэтную форму. "Пры гэтым кожны трэці з будучых педагогаў з'яўляецца пераможцам алімпіяд, мае дакумент з адзнакай або з'яўляецца выпускніком педагагічных класаў. Найбольш высокі прахадны бал складаў 325 пры паступленні на спецыяльнасць "выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка". Пры гэтым у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасць "пачатковая адукацыя" на 15 планавых месцаў паступіла 5 абітурыентаў без уступных іспытаў (медалісты, пераможцы алімпіяд і выпускнікі педкласаў). У гэтым жа ўніверсітэце сярэдні конкурс склаў 2 чалавекі на месца. 275 балаў павінны былі атрымаць юнакі і дзяўчаты, якія жадаюць вучыцца ў Мазырскім педагагічным універсітэце па спецыяльнасці "замежныя мовы", - адзначылі ў прэс-цэнтры Мінадукацыі.

Прыём абітурыентаў на першую ступень вышэйшай адукацыі ў 2018 годзе вялі 42 установы дзяржаўнай формы ўласнасці і 9 - прыватнай. Усяго 1 верасня ў ВНУ краіны прыйдуць вучыцца больш за 50 тыс. першакурснікаў. За кошт сродкаў бюджэту прынята больш за 26,4 тыс. чалавек (у 2017 годзе - 26,7 тыс.), пры гэтым у дзённай форме ў мэтах задавальнення заказу арганізацый на падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй - 21,7 тыс. чалавек (у 2017 годзе - 22,4 тыс.). На платнай аснове навучацца будуць больш за 24 тыс. чалавек.

Прыёмная кампанія ў ВНУ зноў пачнецца 15 лістапада, калі стартуе прыём абітурыентаў у сельскагаспадарчыя ВНУ на завочную форму атрымання адукацыі як за кошт бюджэту, так і на платнай аснове. Прадоўжыцца яна да 20 снежня. Акрамя таго, да 15 кастрычніка ўсе ВНУ краіны прадаўжаюць прыём замежных грамадзян, якія паступаюць пасля гутаркі, дзе вызначаецца ўзровень ведання мовы навучання ў аб'ёмах, неабходных для атрымання вышэйшай адукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі