Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 сакавіка 2018, 17:50

У Беларусі зменены падыходы да вядзення цяжарнасці

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі колькасць наведванняў жанчынамі акушэра-гінеколага пры нармальным праходжанні цяжарнасці скарацілася амаль у два разы, паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністэрства аховы здароўя ў гэтым годзе прыняло новы клінічны пратакол па ахове здароўя маці, у якім з улікам айчыннага і міжнароднага вопыту зменены падыходы да вядзення фізіялагічнай цяжарнасці. "Мы значна скарацілі пры фізіялагічна нармальным праходжанні цяжарнасці, добрым здароўі жанчыны наведванне акушэра-гінеколага практычна ў два разы - з 16 да 9. Адпаведна аптымізавалі колькасць даследаванняў. Нашы клінічныя пратаколы прааналізаваны і адобраны экспертамі СААЗ з пазіцыі доказнай медыцыны і мінімальнага ўмяшання ў ход фізіялагічнага працэсу", - расказала Алена Богдан.

Акрамя таго, распрацавана новая інструкцыя і клінічныя пратаколы па бясплоднасці з акцэнтам на мужчынскую бясплоднасць, адзначыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя. Гэта адпавядае новай канцэпцыі планавання сям'і.

Шмат што робіцца для захавання кожнай цяжарнасці. Гэта перш за ўсё псіхалагічнае перадабортнае кансультаванне жанчын. Дзякуючы гэтай рабоце, арганізаванай Міністэрствам аховы здароўя сумесна з грамадскімі арганізацыямі, царквой, амаль 2 тыс. дзяцей змаглі з'явіцца на свет. Станоўчы эфект па захаванні жаночага здароўя даюць укаранёныя ў Беларусі скрынінгі анказахворванняў. У якасці прыкладу Алена Богдан прывяла праект па скрынінгу раку шыйкі маткі ў трох раёнах Гомельскай вобласці, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Працуюць медыкі і з ВІЧ-інфіцыраванымі жанчынамі. Антырэтравірусная тэрапія праводзіцца на дзяржаўныя сродкі. Сумесна з ЮНІСЕФ прадаўжаюцца праекты па прафілактыцы знешніх прычын інваліднасці і ранняй смяротнасці дзяцей. Адкрыта 10 рэсурсных цэнтраў, у якіх будучыя бацькі вучацца бяспечным паводзінам дома. Такія цэнтры, згодна з пазіцыяй Міністэрства аховы здароўя, неабходна адкрыць у кожнай вобласці рэспублікі - у гарадах з колькасцю насельніцтва больш за 100 тыс. Адпаведная работа прадоўжыцца ў 2018 годзе.

Для пашырэння магчымасцей самарэалізацыі жанчын, у якіх дзеці маюць асаблівасці развіцця, падрыхтаваны новая канцэпцыя па міжведамаснай рабоце і адпаведны ўказ Міністэрства аховы здароўя, узгоднены з іншымі ведамствамі, па рабоце цэнтраў ранняга ўмяшання. У іх перш за ўсё будзе аказвацца псіхалагічная падтрымка маці і ўсім сем'ям у выпадку прыроджанай або набытай інваліднасці дзіцяці.

Алена Богдан звярнула ўвагу, што з мая 2017 года пачаў функцыянаваць партал "Здаровыя людзі", дзе ёсць шмат раздзелаў, якія дапамогуць жанчынам правесці саматэсціраванне і знайсці адказы на многія пытанні ўласнага здароўя, палавога выхавання сваіх дзяцей і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі