Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 сакавіка 2018, 16:03

У Беларусі ў канцы тыдня пахаладае

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў канцы тыдня пахаладае, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"На гэтым тыдні ў Беларусі будзе пераважна адліжнае надвор'е. Толькі ў канцы тыдня пахаладае, і ў выхадныя чакаюцца маразы", - сказалі ў Гідрамеце.

У аўторак, 13 сакавіка, умовы надвор'я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплыя паветраныя масы, якія паступаюць з паўднёвага захаду Еўропы. Пераважна чакаецца воблачнае надвор'е. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі, у асноўным дождж, які будзе суправаджацца парывістым паўднёвым ветрам. Месцамі магчымы туман, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6. Удзень будзе 2-8 градусаў цяпла, па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да плюс 9-14.

У сераду, 14 сакавіка, уначы і раніцай пераважна па паўднёва-ўсходняй частцы краіны, удзень месцамі пройдуць ападкі (дождж, па ўсходзе з мокрым снегам). У асобных раёнах чакаецца туман, уначы і раніцай на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6. Удзень будзе 2-9 градусаў цяпла, у паўднёва-заходніх раёнах - плюс 10-11.

У чацвер, 15 сакавіка, атмасферныя франты выклікаюць уначы на большай частцы тэрыторыі, удзень месцамі, пераважна па паўднёвай частцы краіны, кароткачасовыя ападкі (дождж, які будзе пераходзіць у мокры снег). У асобных раёнах чакаецца туман, слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3, па поўдні - 4-5 градусаў вышэй за нуль. Удзень - ад нуля да 7 градусаў цяпла.

Следам за атмасфернымі франтамі на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць халоднае паветра са Скандынавіі. У канцы тыдня пахаладае. У пятніцу, 16 сакавіка, пераважна па паўднёва-ўсходняй частцы краіны пройдуць ападкі (у асноўным снег, мокры снег). На дарогах чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да 2-8 градусаў марозу, па поўначы пры праясненнях да мінус 9-10, удзень будзе ад мінус 4 да плюс 2. Толькі ў паўднёвых раёнах краіны ўначы будзе каля нуля, удзень - 3-4 градусы цяпла.

Паводле інфармацыі гідролагаў, у сувязі з адліжным надвор'ем на рэках Беларусі адзначаюцца праталіны і закраіны, лёд на вадаёмах пацямнеў, стаў порыстым, і выходзіць на яго небяспечна. На рэках пераважае рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю 1-11 см за суткі. На асобных участках рэк узроўні вады перавышаюць адзнакі выхаду вады на пойму. На Прыпяці каля вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна ўзровень вады перавышае небяспечную высокую адзнаку на 4 см, тут адбываецца рост узроўню вады з інтэнсіўнасцю 3 см за суткі. Умовы надвор'я ў бліжэйшыя дні будуць садзейнічаць раставанню ледзянога покрыва на рэках, структура лёду будзе мяняцца, павялічацца прасторы з адкрытай воднай паверхняй. На рэках будзе адзначацца ў асноўным рост узроўняў вады, у выніку чаго на Бярэзіне ў Беразіно і Сожы каля Слаўгарада вада выйдзе на пойму.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі