Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
05 сакавіка 2018, 12:52

Мінпрыроды скароціць колькасць праверак і сканцэнтруе намаганні на прафілактыцы парушэнняў

5 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантрольная дзейнасць у галіне аховы навакольнага асяроддзя будзе накіравана ў першую чаргу на прафілактыку правапарушэнняў. Аб гэтым паведаміла сёння ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА начальнік упраўлення прававога забеспячэння Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Алена Каракіна.

Каменціруючы асаблівасці прымянення норм дэкрэта нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, яна адзначыла, што праводзіцца работа па змяненні заканадаўства ў галіне кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.

"Падыходы ў рабоце кантралюючых органаў у бліжэйшы час карэнным чынам будуць зменены. Зменшыцца колькасць праверак, прыярытэт будзе на баку прафілактыкі правапарушэнняў, а не на выключна прыцягненні да адказнасці, - падкрэсліла Алена Каракіна. - Інспектарам па ахове навакольнага асяроддзя сістэмы Мінпрыроды паведамлена ўжо аб неабходнасці прымянення такіх падыходаў".

Пры гэтым прадстаўнік Мінпрыроды звярнула ўвагу, што змяншэнне колькасці кантралюючых мерапрыемстваў зусім не вызваляе суб'екты гаспадарання ад абавязкаў, якія вызначаны заканадаўствам. Дэкрэтам нумар 7 зацверджаны агульныя патрабаванні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, якія з'яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі суб'ектамі гаспадарання.

"З прыняццем дэкрэта нумар 7 суб'екты павінны разумець сваю адказнасць за праводзімыя мерапрыемствы, у тым ліку ў галіне аховы навакольнага асяроддзя", - сказала Алена Каракіна.

Асноўныя нормы дэкрэта нумар 7 "Аб развіцці прадпрымальніцтва" ўступілі ў сілу з 26 лютага 2018 года. Дакументам максімальна сістэматызаваны і скарочаны шэраг патрабаванняў да бізнесу, у тым ліку ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. У той жа час узмацняюцца механізмы самарэгулявання бізнесу, павышаецца яго адказнасць за сваю работу перад грамадствам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі