Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 жніўня 2019, 11:24

Мінпрыроды прапануе абмеркаваць новы парадак правядзення конкурсу па скарачэнні выкідаў ад транспарту

19 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе абмеркаваць праект пастановы "Аб рэспубліканскім конкурсе па скарачэнні выкідаў ад механічных транспартных сродкаў". Грамадскае абмеркаванне праходзіць на Прававым форуме Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

Праект дакумента накіраваны на ўдасканаленне парадку арганізацыі і правядзення конкурсу. Згодна з інструкцыяй, якая зацвярджаецца праектам пастановы, конкурс будзе праводзіцца штогод Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і абласнымі і Мінскім гарадскім камітэтамі. У ім могуць удзельнічаць юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, ва ўласнасці, гаспадарчым веданні або аператыўным кіраванні якіх знаходзіцца 25 і больш адзінак механічных транспартных сродкаў. Запланаваны дзве намінацыі: для арганізацый, у якіх ад 25 да 100 адзінак транспарту, і для тых, у каго іх 100 і больш.

Прадугледжваецца, што інфармацыя аб правядзенні конкурсу будзе размяшчацца штогод не пазней за 15 студзеня на афіцыйным сайце Мінпрыроды і камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Для ўдзелу ў ім арганізацыі павінны будуць накіраваць у тэрмін да 15 лютага года, што ідзе за справаздачным, у камітэт прыродных рэсурсаў па месцы іх знаходжання справаздачу па скарачэнні выкідаў ад механічных транспартных сродкаў.

Конкурс будзе двухэтапны. Першы этап будзе праводзіцца Мінскім гарадскім і абласнымі камітэтамі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў перыяд з 15 лютага па 31 сакавіка з вызначэннем пераможцаў па намінацыях. Другі этап Мінпрыроды правядзе сярод пераможцаў першага з 1 па 25 красавіка. Удзельнікам будуць налічвацца балы за набыццё новых механічных транспартных сродкаў, наяўнасць транспарту, які адносіцца да 4-га, 5-га і 6-га экалагічных класаў, выкарыстоўвае электрычнасць або пераабсталяваны для работы на сціснутым прыродным газе або звадкаваным вуглевадародным газе, а таксама за кожны 0,1 працэнта ад сумарнай эканоміі паліва ў працэнтах ад устаноўленай нормы расходу. Асаблівае значэнне мае адсутнасць адміністрацыйных правапарушэнняў па артыкуле 15.50 КоАП (парушэнне патрабаванняў у галіне аховы атмасфернага паветра пры выкідах забруджвальных рэчываў мабільнымі крыніцамі). Балы таксама здымаюцца за перарасход паліва.

"Рэалізацыя палажэнняў праекта дакумента будзе садзейнічаць актывізацыі творчай ініцыятывы работнікаў арганізацый, якія эксплуатуюць механічныя транспартныя сродкі, у тым ліку па забеспячэнні іх належнай эксплуатацыі, абнаўленні парка. Гэта прывядзе да зніжэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і здароўе чалавека дзякуючы скарачэнню выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра", - адзначылі ў Мінпрыроды.

Свае заўвагі і прапановы можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме Беларусі з 19 па 29 жніўня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі