Поўная версія

Да 100-годдзя БЕЛТА: "Навіны складаюць гісторыю". Працаўнікам вёскі прысвячаецца

Грамадства 09.02.2018 | 17:29
"Дажынкі-96"
"Дажынкі-96"

Працаўнікам вёскі прысвячаецца

У суверэннай Беларусі з'явілася традыцыя па выніках сельскагаспадарчага года ўшаноўваць работнікаў аграпрамысловага комплексу. У 1996 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі прайшоў першы фестываль-кірмаш "Дажынкі". У выніку ён стаў сапраўдным святам для работнікаў сельскай гаспадаркі, вучоных, інжынераў, канструктараў новай тэхнікі і ўсіх, хто дапамагае сельгаспрадпрыемствам дасягнуць высокіх паказчыкаў.

Гонар прымаць удзельнікаў першага фестывалю выпаў Століну. Выступаючы тады на свяце, Аляксандр Лукашэнка сказаў:

"На зямлі няма іншай такой нялёгкай і ў той жа час такой ганаровай справы, як праца хлебароба. Асабліва гэта датычыцца нашай роднай Беларусі. Усім багата наша зямля: лясамі, рэкамі, азёрамі ды шырокімі палямі. Асабліва добра іх відаць з вышыні птушынага палёту: акуратныя, дагледжаныя, прыгожыя. Такімі іх зрабілі вы, паважаныя працаўнікі вёскі. Гэта вашы мазолістыя рукі ўзаралі і засеялі зямлю, сабралі багаты ўраджай. І гэтай самаадданай працы мы павінны аддаць заслужаную пашану". ("Заря". 10 верасня 1996 года)

Галоўнае мерапрыемства свята - ушаноўванне тых, хто паказаў лепшыя рэзультаты ў час уборачнай гарачай пары. На першых рэспубліканскіх "Дажынках" вынікі спаборніцтва падводзілі сярод камбайнераў і вадзіцеляў на жніве. 12 лепшых камбайнераў атрымалі ва ўзнагароду легкавыя аўтамабілі, іншыя ўдзельнікі жніва былі адзначаны падарункамі, грашовымі прэміямі. У наступныя гады на фестывалі сталі ўзнагароджваць і пераможцаў сярод маладых экіпажаў, нарыхтоўшчыкаў кармоў, вызначалі лепшыя гаспадаркі, раёны і вобласці.

"Дажынкі" ў значнай ступені садзейнічалі павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню моладзі ў сельскагаспадарчую галіну краіны, дапамаглі абнавіцца многім раённым цэнтрам Беларусі, сталі сведчаннем таго, што дзяржаўны клопат аб ураджаі пачынаецца з дзяржаўнага клопату аб працаўніку вёскі, аб народзе.

Вынікам правядзення такой палітыкі стала дасягненне ў Беларусі харчовай бяспекі - важнейшай умовы захавання суверэнітэту дзяржавы, эканамічнай незалежнасці і сацыяльнай стабільнасці.

Сучасная аграрная галіна з'яўляецца гарантам харчовай бяспекі краіны і важнейшым артыкулам беларускага экспарту. Яе дасягненні за апошнія дваццаць гадоў відавочныя. Беларусь на працягу шэрага гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці мяса мы зраўнаваліся з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы абганяем развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны. Невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па экспарце малочных прадуктаў.

Усё гэта - вынік штодзённай карпатлівай работы, ведаў, вопыту і вялікай любові да сваёй справы ўсіх, хто працуе на беларускай зямлі.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія