Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2017, 16:01

Беларусь зацікаўлена ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інавацый - Шумілін

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інавацый, заявіў сёння журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін перад цырымоніяй адкрыцця II Форуму Асацыяцыі навукова-тэхналагічных паркаў, зон высокіх і новых тэхналогій "Шаўковы шлях" (SRSPA), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь зацікаўлена ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інавацый, а таксама ў развіцці інавацыйнага прадпрымальніцтва. І на гэтым форуме мы будзем абмяркоўваць з прадстаўнікамі іншых дзяржаў выбудоўванне агульнай палітыкі па ўзаемадзеянні ў інавацыйным развіцці, узаемадзеянні паміж зонамі высокіх тэхналогій і стварэнні высокатэхналагічнай прадукцыі і тавараў. У форуме ўдзельнічае больш за 10 краін, у тым ліку Літва, Латвія, Казахстан, Польшча, Расія. Самая вялікая дэлегацыя прыехала з Кітая - больш за 50 чалавек. Сёння будуць заключацца пагадненні паміж тэхнапаркамі розных краін, выбудоўвацца адносіны паміж прадстаўнікамі інавацыйнага бізнесу", - расказаў Аляксандр Шумілін.

Паводле яго слоў, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая цяпер развіваецца асабліва дынамічна. "Сёння мы выконваем 28 сумесных праектаў у гэтай сферы. Яны маюць прыкладны характар. Расце і аб'ём фінансавання праектаў: па мінулагодняй дамоўленасці Кітай выдзеліў на іх рэалізацыю $10 млн", - адзначыў старшыня ДКНТ. Сумесныя праекты адносяцца да такіх сфер, як радыёлакацыя, электроніка, нанаматэрыялы, генная інжынерыя. Распрацоўваюцца і новыя матэрыялы, напрыклад, графен, які выкарыстоўваецца для стварэння суперкандэнсатараў.

Аляксандр Шумілін таксама адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў стварэнні новых беларуска-кітайскіх навукова-даследчых лабараторый. Ён выказаўся і ў падтрымку ініцыятывы Старшыні КНР Сі Цзіньпіна па стварэнні 50 трансгранічных навукова-даследчых цэнтраў у сферы "Аднаго пояса і аднаго шляху". "Мы лічым, што адзін або два такія цэнтры цалкам могуць быць створаны ў Беларусі, у тым ліку і ў індустрыяльным парку "Вялікі камень", - дадаў ён.

II Форум Асацыяцыі навукова-тэхналагічных паркаў, зон высокіх і новых тэхналогій "Шаўковы шлях" (SRSPA) прадоўжыцца да 25 мая. Асацыяцыя SRSPA заснавана ў ліпені 2016 года пры падтрымцы Міністэрства навукі і тэхнікі Кітая з мэтай развіцця інавацыйнай інфраструктуры і пашырэння навукова-інавацыйнага супрацоўніцтва на тэрыторыі краін, размешчаных па маршруце Шаўковага шляху. У асацыяцыю ўваходзяць навукова-тэхналагічныя арганізацыі, НДІ, агенцтвы, што аказваюць спадарожныя паслугі, навукова-даследчыя ўстановы з некалькіх краін свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі