27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кітай вядуць перагаворы па бязвізавым уездзе арганізаваных груп турыстаў. Аб гэтым паведаміў сёння намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной у час круглага стала па тэме турызму ў Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер ідуць перагаворы з урадам Кітая па бязвізавым уездзе для арганізаваных груп турыстаў, і ў снежні, я спадзяюся, гэты дакумент будзе падпісаны", - сказаў Міхаіл Партной. Ён нагадаў, што турыстам з КНР, якія маюць шэнгенскую візу, дазваляецца знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі 72 гадзіны (трое сутак).
Міхаіл Партной у цэлым адзначыў важнасць прадаўжэння работы па спрашчэнні візавага рэжыму з іншымі краінамі. "Мы бачым дапамогу ў гэтым плане з боку Міністэрства замежных спраў. Але тут неабходна працаваць з краінамі, бяспечнымі ў міграцыйным плане", - сказаў намеснік міністра спорту і турызму.
У прыватнасці, ён звярнуў увагу, што цяпер беларускія турысты могуць уязджаць без віз у Турцыю, а турэцкія грамадзяне - у Беларусь. "Гэта прыносіць свае вынікі. Нават ва ўмовах эканамічнага крызісу на 20 працэнтаў вырас паток турыстаў з Турцыі ў Беларусь", - сказаў намеснік міністра спорту і турызму. Аднак ён адзначыў, што паток турыстаў крыху скараціўся з беларускага боку.-0-