7 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ектыўнасць пры разглядзе зваротаў абітурыентаў, іх бацькоў у час уступнай кампаніі будзе забяспечана. Аб гэтым заявіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў сёння на пасяджэнні ў КДК дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2018 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нашай краіне выпрацавана і эфектыўна рэалізуецца цэласная сістэма арганізацыі ўступнай кампаніі і кантролю за правядзеннем іспытаў. Асноўная задача - прадастаўленне аднолькавых магчымасцей пры паступленні ўсім абітурыентам - забяспечваецца ў поўнай меры. Кантроль ажыццяўляецца на ўсіх этапах: пры падрыхтоўцы і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання, уступных унутраных іспытаў, прыёме дакументаў і залічэнні абітурыентаў ва ўстановы адукацыі", - сказаў Леанід Анфімаў.
Нараўне з выкананнем задач па прадухіленні парушэнняў у час уступных іспытаў членамі дзяржкамісіі будуць аб'ектыўна і аператыўна разгледжаны ўсе звароты абітурыентаў і іх бацькоў. "У цэнтральным апараце КДК і камітэтах абласцей арганізавана работа гарачай лініі, будзе праводзіцца асабісты прыём абітурыентаў і іх бацькоў, - адзначыў Леанід Анфімаў. - Ад таго, наколькі аб'ектыўна і справядліва будуць вырашаны ўсе спрэчныя пытанні, залежыць упэўненасць маладога пакалення, іх бацькоў у тым, што дзяржава стварае для кожнага грамадзяніна роўныя ўмовы для яго жыцця і самарэалізацыі".
Для забеспячэння дзейнасці дзяржкамісіі пры КДК створана рабочая група, кіраўніком якой выступае начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Павел Пінчук. Усяго ў рабоце дзяржкамісіі задзейнічаны больш як 160 дзяржкантралёраў.
Пункты ЦТ зарэгістраваны ў 41 установе адукацыі, з іх 13 - у Мінску. Прыём дакументаў і залічэнне абітурыентаў будуць ажыццяўляць больш як 150 устаноў адукацыі. У кожнай з іх сфарміраваны камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў.-0-