15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Расія лічыць устараненне эканамічных бар'ераў і развіццё лічбавых тэхналогій прыярытэтнымі задачамі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым заявіў 14 мая прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага савета ў пашыраным складзе, паведамляе ТАСС.
"У ліку першачарговых задач - павышэнне эфектыўнасці функцыянавання агульнага ўнутрысаюзнага рынку, збліжэнне нацыянальных правіл эканамічнага рэгулявання. Прыярытэтная ўвага па-ранейшаму будзе ўдзяляцца ўстараненню астатніх абмежаванняў і выключэнняў на шляху свабоднага перамяшчэння тавараў, капіталаў і рабочай сілы", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Яшчэ адным прыярытэтам прэзідэнт Расіі назваў рэалізацыю лічбавага парадку дня ЕАЭС. "Расійскае старшынства прапануе ажыццявіць некалькі перспектыўных лічбавых праектаў у галіне інтэрнэт-гандлю, тэхналогій адсочвання руху тавараў, стварэння транспартных калідораў, прамысловай кааперацыі", - заявіў кіраўнік расійскай дзяржавы.
Гаворачы аб супрацоўніцтве краін ЕАЭС у атамнай энергетыцы, экалогіі, медыцыне, космасе, прэзідэнт РФ адзначыў, што ў гэтых галінах важна пашыраць вытворчую кааперацыю, сумесна працаваць над новымі тэхналогіямі і ноу-хау, укараняць інавацыі, якія адпавядаюць патрабаванням сусветнай эканомікі, глабальнага тэхналагічнага развіцця.-0-