Фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер" праходзіць 3-4 сакавіка на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы".
Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба - адзін з самых маштабных і паспяховых праектаў клуба. З моманту свайго ўзнікнення ў 2007 годзе гэтыя спаборніцтвы занялі лідзіруючую пазіцыю па масавасці ўдзелу сярод такіх турніраў. Толькі ў першым "Снежным снайперы" на старты выйшлі больш за 200 тыс. дзяцей з усіх куткоў Беларусі. У спаборніцтвах удзельнічаюць юныя аматары біятлона, якія не займаюцца ў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах.
Юныя спартсмены спаборнічаюць у трох узроставых групах: малодшай (11-12 гадоў), сярэдняй (13-14 гадоў) і старэйшай (15-16 гадоў). Спачатку яны выходзяць на старты на школьных, раённых і абласных этапах "Снежнага снайпера", а самыя меткія і хуткія змагаюцца за ўзнагароды ў рэспубліканскім фінале.
Фота Аксаны Манчук.