Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотарэпартаж
30 чэрвеня 2020, 10:43

"З ГОНАРАМ У СЭРЦЫ": Ніхто, акрамя іх: асаблівасці службы ў дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце

У большасці з нас сілы спецыяльных аперацый асацыююцца са скачкамі з парашутам. Але на гэта ваеннаслужачыя адказваюць жартам: дэсантнік толькі тры мінуты арол, увесь астатні час - ламавы конь. Таму баявая падрыхтоўка ва ўладальнікаў блакітных берэтаў сур'ёзная. Карэспандэнты БЕЛТА пераканаліся ў гэтым асабіста, пабываўшы ў 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Венскай Чырванасцяжнай брыгадзе.

Каля варот кантрольна-прапускнога пункта нас сустракае легендарная БМД-1. Адсылка да таго, што сучасныя воіны-дэсантнікі з годнасцю прадаўжаюць і памнажаюць традыцыі пакалення пераможцаў. Брыгада з'яўляецца пераемніцай 105-й гвардзейскай стралковай дывізіі, створанай у час Вялікай Айчыннай вайны. За мужнасць і гераізм пры ўзяцці венгерскіх гарадоў Папа і Дэвечэр яна ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга. За ўзяцце сталіцы Аўстрыі ёй прысвоена ганаровае найменне "Венская". У кастрычнiку 1979 года дывізія была перайменавана ў 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду.

Цяпер яе ваеннаслужачыя могуць атрымаць практычна любую воінскую спецыяльнасць. Вядома, упор робіцца на падрыхтоўку дэсантна-штурмавых падраздзяленняў. Менавіта ад уменняў і зладжанай работы гэтых байцоў у многім залежыць поспех вучэбнай і баявой аперацыі. Але заданне яны не выконваюць паасобку. Прыкрыццё на зямлі і з паветра забяспечваюць зенітчыкі і артылерысты, шырокі спектр задач у інжынерна-сапёрнай роты і батальёна сувязі. Разведвальна-дэсантная рота ў прадстаўленні не мае патрэбы.

"Па выніках 2019 года наша брыгада прызнана лепшым злучэннем ва Узброеных Сілах, мы атрымалі ганаровую грамату Нацыянальнага сходу, - расказвае камандзір брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады Аляксандр Ільюкевіч. - Вывучаем вопыт папярэдніх пакаленняў з улікам цяперашніх рэалій, бо сітуацыя ў свеце змяняецца. Цяпер пры баявой падрыхтоўцы робім акцэнт на вядзенні баявых дзеянняў уначы і ў горадзе. На палігоне будуем аб'екты для стральбы ў населеным пункце, абсталёўваем макеты вуліц для праходаў з тэхнікай і без яе. Адпрацоўваем розныя варыянты"

Гвардыі палкоўнік заўважыў, што ўзбраенне пастаянна мадэрнізуецца. Напрыклад, у мінулым годзе аўтапарк брастаўчан папоўніўся першымі бронемашынамі "Кайман". Як і рэптыліі, яны хуткія і манеўраныя на сушы і ў вадзе, цудоўна перамяшчаюцца ўначы. "Амаль уся тэхніка можа весці баявыя дзеянні ў цёмны час сутак. Асабовы склад практычна на 100 працэнтаў забяспечаны аптычнымі прыборамі для стральбы ноччу. У Беларусі - асаблівы рэльеф, шмат бар'ерных рубяжоў (рэкі, балоцістая мясцовасць). Каб падраздзяленні былі мабільнымі і маглі хутка перадыслацыравацца, ваенная тэхніка ў нас плаваючая", - тлумачыць Аляксандр Ільюкевіч.

Зразумела, навацыі ўплываюць на інфраструктуру Брэсцкага палігона. Цяпер ён перажывае маштабную рэканструкцыю. Напрыклад, з'яўляюцца збудаванні для адпрацоўкі тактычных дзеянняў і вядзення бою ў гарадскіх умовах, стральбы баявых машын, падрыхтоўкі снайпераў, новыя дарогі і трэкі з імітацыяй пад'ёмаў і спускаў. Пабудаваны кілхаус, у якім дэсантнікі ў групе вучацца вызваляць заложнікаў, праводзіць зачыстку будынкаў ад умоўнага праціўніка.

У час разведвальна-баявых і контрдыверсійных дзеянняў асаблівая адказнасць кладзецца на плечы снайпераў. Таму да іх падрыхтоўкі прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні. Такія спецыялісты - вочы і вушы разведгрупы. Снайперам могуць стаць толькі лепшыя з лепшых. Акрамя таленту меткага стралка ў яго павінна быць развітая інтуіцыя.

Гвардыі сяржант Аляксандра Рубанава не губляецца ў мужчынскай кампаніі: на рубяжы гендарных адрозненняў не існуе. Дзяўчына ўсяго некалькі месяцаў трэніруецца, але паказвае ўжо дастойныя рэзультаты на рэспубліканскіх спаборніцтвах. "Гэта магчымасць паспрабаваць нешта новае. Падабаюцца стральба і фізічныя нагрузкі, атрымліваю задавальненне ад праведзенай работы. На мой погляд, нічога складанага няма. Так, патрэбны веды, уменне рабіць папраўкі на надвор'е і, вядома, удача", - лічыць яна. За лёгкасцю расказу скрываюцца шматгадзінныя трэніроўкі на палігоне. У гэтым выпадку без паправак на надвор'е.

Аляксандра прызнаецца, што ў час стральбы поўнасцю ўнутрана засяроджваецца. "Акрамя стральбы больш ні пра што не думаеш. Гэта рэальна цікава, прачынаецца азарт. У пары выступаць нават больш цікава, таму што адказваеш не толькі за сябе, але і за агульны рэзультат. Падвесці таварыша нікому не хочацца", - падкрэслівае дзяўчына.

Олег Киевич

Дарэчы, не менш настойлівых і карпатлівых намаганняў патрабуе паветрана-дэсантная падрыхтоўка. У першы час ваеннаслужачыя вывучаюць тактыка-тэхнічныя характарыстыкі парашутных сістэм Д-6 і З-5. Адпрацоўваюць кожны элемент скачка на зямлі. І толькі пасля шматлікіх гадзін абучэння салдат дапускаюць да першага скачка. "Думаю, пры першым скачку чалавек мала што ўсведамляе. Гэта параўнальна з паездкай на аўтамабілі: спачатку хвалюешся, потым успамінаеш вывучанае і дзейнічаеш без разваг. Рыхтуем ваеннаслужачых да няштатных выпадкаў, каб яны маглі сарыентавацца і выправіць сітуацыю", - уводзіць у курс справы камандзір разведвальна-дэсантнай роты Алег Кіевіч.

У гэты момант яго падапечныя займаюцца ўкладкай парашута. Гвардыі капітан пільна сочыць за працэсам: падказвае, папраўляе - нельга дапусціць ніякай памылкі. "Увага засяроджваецца на ўсім, павінен захоўвацца парадак укладкі. Важыць парашутная сістэма 11,4 кг. Для скачка дапускаецца вага чалавека не больш за 120 кг, з улікам зброі, экіпіроўкі і грузавога кантэйнера", - тлумачыць Алег Кіевіч.

За час службы салдаты тэрміновай службы робяць мінімум чатыры скачкі з парашутам. Прычым у хлопцаў з асенняга прызыву іх крыху больш, чым у тых, хто прыходзіць у армію вясной.

Цяжкасці і разнастайнасць службы загартоўваюць дух дэсантнікаў і з'ядноўваюць іх. Уладальнікі блакітных берэтаў розных пакаленняў называюць адзін аднаго братамі.

Аляўціна ЧАРНАВОЛАВА,

Фота Вадзіма ЯКУБЁНКА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі