16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Нежынскім горна-абагачальным камбінаце пачаўся мантаж першага стволапраходчага комплексу SBR, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЗТАА "Славкалій".
На Нежынскім ГАКу паспяхова завяршылася ўзбуйняльная зборка першага стволапраходчага комплексу SBR. Спецыялісты пачалі мантаж машыны. Шосты модуль фіксуецца тросамі і будзе служыць мацаваннем для астатніх пяці. Паралельна ідзе дастаўка другога SBR з нямецкага завода ў горадзе Шванау.
Як паведамлялася, у верасні 2015 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў урачыста заклалі капсулу ў азнаменаванне пачатку будаўніцтва Нежынскага горна-абагачальнага камбіната на базе Старобінскага радовішча калійных солей. Гэта будзе другое прадпрыемства ў Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў магутнасцю да 2 млн т хларыду калію ў год. Інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Будаўніцтва ГАКа запушчана ў 2016 годзе. Рэалізуе праект ЗТАА "Славкалій".-0-