Сцяг Аўторак, 30 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 красавіка 2024, 20:02

Прафесіяналізм і любоў. Конкурс харэаграфічнага майстэрства "Дэнс кангрэс" стартаваў у Мінску

17 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. III Рэспубліканскі конкурс харэаграфічнага майстэрства "Дэнс кангрэс" стартаваў у спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Конкурс, мэта якога падтрымка і развіццё таленавітай моладзі, прадоўжыцца тры дні. У сценах цэнтра прадстаўнікі харэаграфічнага мастацтва спаборнічаюць у дзвюх намінацыях: "Сучасны танец" (катэгорыі "Сола", "Дуэт", "Калектыў") і "Беларускі танец: традыцыя і навацыя" (катэгорыя "Калектыў").

Як расказала старшыня журы, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, "Дэнс кангрэс" - унікальны конкурс, ён перш за ўсё накіраваны на падтрымку прафесійна-арыентаваных удзельнікаў. "Мы арыентуемся на тых, хто прадоўжыць займацца харэаграфічным мастацтвам і ў далейшым можа быць запрошаны на лепшыя пляцоўкі нашай краіны", - адзначыла яна.

Асаблівасцю конкурсу з'яўляецца наяўнасць двух тураў. "У нас няма падзелу на асобныя жанры, інакш кажучы,  для таго каб перамагчы, трэба фактычна выйграць два дні", - сказала Наталля Карчэўская.

У ходзе конкурсу таксама праводзяцца розныя майстар-класы ад лепшых дзеячаў харэаграфічнага мастацтва. Як адзначыла старшыня журы, выбіраючы тэмы, арганізатары заўсёды стараюцца адпавядаць інтарэсам удзельнікаў. "У канцы конкурсу перад цырымоніяй узнагароджвання і гала-канцэртам у нас праходзіць круглы стол, і мы пытаемся, што хацелі б бачыць кіраўнікі і ўдзельнікі. Ну і наш універсітэт з'яўляецца своеасаблівым навуковым і метадычным цэнтрам па развіцці харэаграфічнага мастацтва, таму мы плануем і сочым за вядучымі тэндэнцыямі свету харэаграфічнага мастацтва", - падкрэсліла рэктар.

Сёння на сцэне цэнтра былі прадстаўлены ўдзельнікі не толькі з вялікіх гарадоў, але і пасёлкаў, аграгарадкоў. Так, з Зэльвы са сваім танцавальным ансамблем "Зальвяначка" прыехала Іна Германовіч. Кіраўнік падзялілася, што конкурс для іх - своеасаблівая прыступка і рэпетыцыя перад атрыманнем калектывам звання "ўзорны". "Мы прыехалі двума складамі 9-15 гадоў. Будзем паказваць традыцыйны беларускі танец "Бульба" і стылізацыю танца "Пацешкі". На "Дэнс кангрэсе" мы ўпершыню, і гэта невялікі выклік для нас. Незвычайна, што конкурс праходзіць у два этапы, але мы стараемся паўдзельнічаць усюды па меры магчымасцей", - сказала яна.

Выказала радасць ад удзелу ў конкурсе і 11-гадовая ўдзельніца калектыву Валерыя Сукоцкая: "Мне падабаецца ўся гэта мітусня і падрыхтоўка. Мы доўга і вельмі старанна рыхтаваліся. А яшчэ я вельмі люблю беларускі танец, падабаюцца яго пастаноўкі і камбінацыі. Гэта ўсё цікава. Таму у будучым я хацела б звязаць сваё жыццё з танцамі".

Іна Германовіч дадала, што для яе калектыву яшчэ адзін плюс "Дэнс кангрэса" - магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах. А вось удзельнікаў ад БДУКМ майстар-класамі не здзівіш. Многія з іх праводзяць выкладчыкі кафедры харэаграфіі. Так, Арцём Буднікаў разам у Веранікай Ямелінай студэнты ўніверсітэта культуры, вывучаюць эстрадны танец і прыйшлі паказаць сябе ўжо другі раз. "У нас ужо цесны гастрольны графік, але мы рады быць тут. "Дэнс кангрэс" мае для нас асаблівае значэнне, бо ў мінулым годзе мы ўзялі дыплом лаўрэатаў першай ступені. Атрымалі высокую ўзнагароду і запомніліся гледачу", - сказаў Арцём Буднікаў.

Ён прызнаўся, што як танцор больш любіць выступленні, чым конкурсы. "Але "Дэнс кангрэс" асаблівы. Я больш хачу атрымаць задавальненне ад удзелу, чым нейкае месца. У мінулым годзе ён падарыў мне мноства прыемных эмоцый і ўспамінаў. І асабліва класна ўсведамляць, што ты з'яўляешся часткай чагосьці маштабнага. Сюды прыехала шмат прафесіяналаў з розных куткоў краіны. Усе яны любяць наша мастацтва, і гэта неверагодна крута", - сказаў удзельнік.

Удзельнікі "Дэнс кангрэса" прадоўжаць спаборнічаць заўтра. А ў пятніцу іх чакае круглы стол і ўзнагароджванне з гала-канцэртам.-0-
Фота Віталя Піваварчыка
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі