Поўная версія

Выкіды вуглякіслага газу ва ўсім свеце дасягнулі рэкорднага ўзроўню

У свеце 13.11.2018 | 19:07
Фота DPA
Фота DPA

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аб'ём выкідаў вуглякіслага газу (CO2) ва ўсім свеце ў 2017 годзе дасягнуў рэкорднага ўзроўню, павялічыўшыся на 1,6 працэнта. У 2018 годзе такая тэндэнцыя прадоўжыцца. Аб гэтым паведамляе нямецкая тэлерадыёкампанія Deutsche Welle са спасылкай на штогадовы даклад World Energy Outlook Міжнароднага энергетычнага агенцтва (МЭА), абнародаваны 13 лістапада.

Аўтары даклада тлумачаць гэта ростам сусветнага попыту на энерганосьбіты, які, паводле ацэнак МЭА, на працягу бліжэйшых 20 гадоў будзе толькі расці. Да 2040 года попыт на энерганосьбіты ўдвая перасягне цяперашні - галоўным чынам, за кошт павелічэння попыту ў хуткарослых эканоміках краін Азіі.

Пры гэтым эксперты не бачаць падстаў для асаблівага песімізму, паколькі ўсё большае значэнне будзе набываць газ, асабліва звадкаваны. Згодна з прагнозамі, попыт на газ у бліжэйшыя 20 гадоў вырасце на 45 працэнтаў. Да 2040 года да 60 працэнтаў газу будзе пастаўляцца ў звадкаваным выглядзе.

Акрамя таго, усё меншую ролю ва ўсім свеце будзе адыгрываць вугаль. Нават у Кітаі - галоўным спажыўцы вугалю - попыт на гэты энерганосьбіт зменшыцца за 20 гадоў на 15 працэнтаў, у той час як у Еўропе - на 65 працэнтаў, а ў ЗША - на 30 працэнтаў.

Адным са спрыяльных фактараў для сусветнай экалогіі аўтары даклада лічаць і актыўнае развіццё аднаўляльнай энергетыкі. Яны прагназуюць, што да 2040 года 45 працэнтаў энергаспажывання ва ўсім свеце будзе ажыццяўляцца за кошт аднаўляльных энерганосьбітаў.

Нафта, на думку МЭА, захавае сваё важнае значэнне. Эксперты нават папярэджваюць, што праз чатыры гады, магчыма, пачне часова адчувацца недахоп гэтай сыравіны з-за таго, што пасля крызісу апошніх гадоў нафтавая прамысловасць не ўкладала дастаткова сродкаў у нафтаздабыўныя ўстаноўкі. Гэта можа прывесці да рэзкага росту цэн на бензін і дызельнае паліва.-0-

Навіны рубрыкі У свеце
Поўная версія