Поўная версія

У Францыі адкрываецца Канскі кінафестываль

У свеце 14.05.2019 | 10:45

14 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння на Блакітным Беразе Францыі пачнецца 72-і Канскі кінафестываль. Яго асноўны конкурс уключае 21 карціну, паведамляе ТАСС.

У гэтым годзе журы прэстыжнага міжнароднага кінаконкурсу ўпершыню ўзначаліць прадстаўнік Лацінскай Амерыкі - мексіканскі рэжысёр Алехандра Гансалес Іньярыту, аўтар "Бёрдмэна" і "Выжылага".

Фестываль адкрые фэнтэзі-камедыя амерыканскага рэжысёра Джыма Джармуша "Мёртвыя не паміраюць", прадстаўленая ў асноўнай конкурснай праграме. На закрыцці кінаагляду адбудзецца паказ сацыяльнай камедыі "Асаблівыя" французскіх рэжысёраў Аліўе Накаша і Эрыка Таледана, вядомых па карціне "1+1".

Паведамляецца, што ганаровая "Залатая пальмавая галіна" кінафестывалю за ўклад у кінематограф будзе ўручана легендарнаму французскаму акцёру і рэжысёру Алену Дэлону. Сёлетні Канскі фестываль завершыцца 25 мая.

Год таму галоўны прыз - "Залатую пальмавую галіну" - атрымаў японскі фільм "Магазінныя злодзеі", які зняў рэжысёр Хіракадзу Карээда.-0-

Навіны рубрыкі У свеце
Поўная версія