Поўная версія

Маргарэт Этвуд і Бернардзін Эварыста падзялілі Букераўскую прэмію

У свеце 15.10.2019 | 10:53
Маргарэт Этвуд. Фота Associated Press
Маргарэт Этвуд. Фота Associated Press

15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд і брытанка Бернардзін Эварыста падзялілі Букераўскую прэмію па літаратуры за 2019 год, паведамляе ТАСС.

Журы ў гэтым годзе прыняло незвычайнае рашэнне ўзнагародзіць адразу двух аўтараў, якія ўвайшлі ў шорт-ліст прэміі. Паводле слоў старшыні журы Пітэра Флорэнса, з двух раманаў немагчыма было выбраць толькі адзін. "Гэта выдатныя кнігі, якія прынясуць сапраўдную асалоду чытачам і будуць знаходзіць водгук у сэрцах людзей на працягу многіх пакаленняў", - сказаў ён.

Маргарэт Этвуд ужо атрымлівала Букераўскую прэмію ў 2000 годзе. Яна была зноў вылучана на прэмію з прадаўжэннем сваёй нядаўна экранізаванай антыўтопіі "Апавяданне служанкі" - The Testaments ("Запаветы"). Бернардзін Эварыста прэтэндавала на ўзнагароду з сямейнай сагай Girl, Woman, Other ("Дзяўчына, жанчына, усё астатняе").

Букераўская прэмія - адна з самых прэстыжных літаратурных узнагарод. Упершыню ўручэнне адбылося ў 1969 годзе. Да 2013 года прысуджалася аўтару, які пражывае ў адной з краін Садружнасці нацый, Ірландыі або Зімбабвэ, за твор, напісаны на англійскай мове. З 2014 года прэмія ўручаецца за англамоўны раман незалежна ад грамадзянства аўтара. Пераможца атрымлівае 50 тыс. фунтаў стэрлінгаў.-0-

Навіны рубрыкі У свеце
Поўная версія