Поўная версія

Колькасць ахвяр тайфуну "Хагібіс" у Японіі ўзрасла да 74

У свеце 16.10.2019 | 11:08

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Спіс загінулых у Японіі ў выніку ўдару магутнага тайфуну "Хагібіс" узрос да 74 чалавек, паведамляе ТАСС.

Сёння 11 чалавек лічацца прапаўшымі без вестак, больш за 220 атрымалі розныя траўмы. Найбольшая колькасць загінулых і пацярпелых прыпадае на прэфектуры Фукусіма і Міягі на паўночным усходзе галоўнага вострава краіны Хансю, а таксама на прэфектуру Канагава, якая прымыкае да Токіа з паўднёвага захаду.

У пацярпелых раёнах не працуюць больш за 230 школ, закрыты дзясяткі супермаркетаў, выйшлі са строю звыш 120 банкаматаў. Разлівы рэк і вадаёмаў, разбурэнні набярэжных зафіксаваны амаль у 80 месцах. З-за падтапленняў па-ранейшаму не наладжаны рух на шэрагу чыгуначных ліній, уключаючы скорасныя. Перакрыты некаторыя ўчасткі скорасных аўтамабільных дарог.

Цяпер у пацярпелых раёнах аднаўляюць інфраструктуру, вядуцца пошукава-выратавальныя аперацыі. Усяго ў гэтых работах задзейнічана каля 110 тыс. чалавек, уключаючы ваеннаслужачых сіл самаабароны, пажарных, паліцыю.

Тайфун "Хагібіс" ударыў па асноўнай тэрыторыі Японіі ў суботу, 12 кастрычніка, і прайшоў па ціхаакіянскім узбярэжжы галоўнага вострава краіны Хансю.-0-

Навіны рубрыкі У свеце
Поўная версія