
3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадпрымальнік Ілан Маск заявіў аб магчымасці стварэння ў штаце Тэхас новага горада, які атрымаў назву Starbase. Адпаведную публікацыю ён размясціў на сваёй старонцы ў Twitter, паведамляе ТАСС.
"Ствараем горад Starbase (штат Тэхас)", - напісаў Ілан Маск. Пазней ён удакладніў, што гэты горад, як чакаецца, будзе ўключаць у сябе раён вёскі Бока-Чыка, дзе знаходзіцца выпрабавальны палігон кампаніі SpaceX.
Ініцыятыву прадпрымальніка аб стварэнні новага населенага пункта пацвердзіў прадстаўнік суда акругі Кэмеран, дзе знаходзіцца Бока-Чыка. "У апошнія некалькі дзён SpaceX афіцыйна звязалася з уладамі акругі Кэмеран наконт зацікаўленасці Ілана Маска ў тым, каб уключыць вёску Бока-Чыка ў горад Starbase", - прыводзіць партал Business Insider яго словы.
У сваю чаргу, сам акруговы суддзя Эдзі Трэвіна адзначыў у інтэрв'ю агенцтву Bloomberg, што прадпрымальніку і яго кампаніі давядзецца пераадолець шмат перашкод і цяжкасцей перш, чым яны змогуць рэалізаваць гэтыя планы. "Аднаго толькі твіта для гэтага недастаткова", - падкрэсліў ён.
У снежні мінулага года Ілан Маск заявіў аб пераездзе са штата Каліфорнія ў Тэхас. Акрамя таго, раней ён заяўляў пра магчымасць пераносу галаўнога офіса сваёй кампаніі Tesla з Каліфорніі ў Тэхас або Неваду. Губернатар Тэхаса паведамляў, што абмяркоўваў з прадпрымальнікам такую магчымасць. Ілан Маск раскрытыкаваў улады Каліфорніі за прыняцце занадта строгіх, на яго думку, мер у сферы барацьбы з пандэміяй.-0-