25 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нямецкая экалагічная арганізацыя Germanwatch назвала краіны, найбольш неабароненыя перад прыроднымі катаклізмамі, паведамляе тэлерадыёкампанія Deutsche Welle.
Згодна з вынікамі даследаванняў, апублікаванымі ў Індэксе глабальных кліматычных рызык, асабліва неабароненымі перад стыхійнымі бедствамі застаюцца краіны, што сталі на шлях развіцця. Аднак урон ад прыродных катаклімаў расце і ў развітых краінах.
У доўгатэрміновым індэксе, які разглядае наступствы экстрэмальных умоў надвор'я за апошнія 20 гадоў (2000-2019 гады), выяўлена, што мацней за ўсё ад прыродных катаклізмаў пацярпелі Пуэрта-Рыка, М'янма і Гаіці. За імі ідуць Філіпіны, Мазамбік і Багамскія астравы. Германія ў гэтым індэксе заняла 18-е месца. Паводле даных Germanwatch, за 20 гадоў ахвярамі прыродных катаклізмаў у Германіі - у асноўным экстрэмальнай спёкі - сталі больш за 10 тыс. чалавек.
Згодна з рэйтынгам, у 2019 годзе найбольш неабароненымі перад прыроднымі катастрофамі былі Мазамбік, Зімбабвэ і Багамскія астравы. У першую дзясятку таксама трапілі Японія, Малаві, Афганістан і Індыя.
Усяго за перыяд з 2000 па 2019 год у свеце зарэгістравана больш за 11 тыс. экстрэмальных умоў надвор'я, у выніку якіх загінулі амаль 480 тыс. чалавек. Матэрыяльны ўрон за гэты час склаў $2,56 трлн. Рост колькасці экстрэмальных прыродных з'яў звязаны непасрэдна са змяненнямі клімату.-0-