Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
29 лютага 2024, 18:14

Тры нацыянальныя рэкорды ўстаноўлены на чэмпіянаце Беларусі па веласпорце на трэку

Фота з архіва
Фота з архіва
29 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На базе веладрома МКСК "Мінск-Арэна" завяршыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па веласіпедным спорце на трэку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Мацнейшыя веласіпедысты краіны на працягу трох дзён вызначалі лепшых у сямі відах праграмы. Трохразовай чэмпіёнкай нацыянальнага першынства 2024 года ў жанчын стала Варвара Басякова, якая перамагла ў гіце, спрынце і кейрыне. У гэтых жа дысцыплінах сярод мужчын роўных не было Арцёму Зайцаву, які да таго ж устанавіў новы рэкорд Беларусі ў гіце (1.00,565).

Таксама тры залатыя ўзнагароды на ўнутраным старце выйграў Яўген Каралёк, які забраў скрэтч, гонку на выбыванне і гонку па ачках. У кваліфікацыі мужчынскай індывідуальнай гонкі Каралёк пабіў рэкорд краіны (4.11,044), аднак у фінале вікторыю ў гэтым відзе атрымаў Раман Цішкоў. Яшчэ адно нацыянальнае дасягненне ў індывідуальнай гонцы пакарылася пераможцы жаночага фіналу Настассі Кіпцікавай (3.26,414).

Чэмпіёнка казанскіх Гульняў Будучыні ў віртуальнай велагонцы Ганна Церах не засталася без узнагарод вышэйшай пробы і дома: лідар жаночай каманды святкавала поспех у гонцы з выбываннем і гонцы па ачках. Таксама ў актыве Ганны два сярэбраныя медалі - адзін з іх па выніках скрэтча, дзе мацнейшай была Ксенія Шынкарэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі