
7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" сёння правядуць чарговы дамашні матч у рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сапернікам "зуброў" стане бліжэйшы праследавацель нашай каманды ў табліцы канферэнцыі - маскоўскі "Спартак". На гэты момант мінчане з 61 балам замыкаюць зону плэй-оф на Захадзе; масквічы, згуляўшы на матч менш, ідуць 9-мі з трохачковым адставаннем ад васьмёркі лепшых. Напярэдадні сустрэчы з "Дынама" пасаду галоўнага трэнера "Спартака" па ўласным жаданні пакінуў Ігар Грышын, на яго месца быў назначаны Аляксей Заварухін.
Да паядынку на "Мінск-Арэне" "чырвона-белыя" падыходзяць не ў лепшай форме: маскоўская каманда прайграла чатыры матчы запар, у тым ліку аўтсайдарам сезона "Куньлуню" і "Сочы". У падапечных Крэйга Вудкрафта справы ідуць лепш - "зубры" здабылі тры перамогі ў пяці апошніх гульнях. Акрамя таго, мінчане на працягу шасці матчаў запар не прайграюць на сваім лёдзе ў асноўны час.
У бягучым сезоне КХЛ "Дынама" і "Спартак" правялі ўжо пяць вочных сустрэч, чатыры з якіх засталіся за масквічамі. Заключнае процістаянне "зуброў" і "гладыятараў" у рэгулярным чэмпіянаце стартуе ў 19.30.-0-