Поўная версія

Беларускія лёгкаатлеты занялі другое месца ў камандным турніры II Еўрапейскіх гульняў

Спорт 28.06.2019 | 20:50

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Украінскія лёгкаатлеты перамаглі ў камандным турніры на II Еўрапейскіх гульнях. Зборная Беларусі заняла другое месца, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Спаборніцтвы на мінскім стадыёне "Дынама" праводзіліся ў новым фармаце "Дынамічнай лёгкай атлетыкі" (DNA). Пасля адборачных спаборніцтваў у фінале выступілі шэсць каманд.

Па выніках васьмі відаў з дзевяці, заяўленых у праграме, аднолькавая колькасць ачкоў (па 74) была ў зборных Беларусі і Украіны. У гаспадароў турніру перамогі ў сваіх відах атрымалі Хрысціна Ціманоўская, Максім Недасекаў, Эльвіра Герман, у сектары для кідання кап'я адзін з самых высокіх рэзультатаў у свеце паказала Таццяна Халадовіч - 67 м 22 см.

Зыход барацьбы за залатыя ўзнагароды вырашыўся ў змешанай эстафеце, якую выйгралі ўкраінцы. Бронзавымі прызёрамі каманднага першынства сталі спартсмены з Германіі.

Турнір па лёгкай атлетыцы наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які назіраў за ходам спартыўнай барацьбы.

Узнагароджванне пераможцаў і прызёраў правёў на стадыёне "Дынама" кіраўнік Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янез Качыянчыч.

Раней у індывідуальным заліку беларускія лёгкаатлеты заваявалі на II Еўрапейскіх гульнях шэсць узнагарод, тры з якіх залатыя.-0-

Навіны рубрыкі Спорт
Поўная версія