Поўная версія

Жыллё і сацыяльныя таксі - праблемы сем'яў з дзецьмі-інвалідамі ўзнімаліся на прыёме ў Кухарава

Грамадства 02.10.2019 | 15:18
Уладзіміра Кухараў. Фота з архіва
Уладзіміра Кухараў. Фота з архіва

2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праблемы сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, абмяркоўваліся сёння ў час прыёму грамадзян намеснікам прэм'ер-міністра Уладзімірам Кухаравым у Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, звярнуліся да віцэ-прэм'ера па шэрагу пытанняў. Адно з самых актуальных - жыллё. Адна з жанчын узняла пытанне паляпшэння жыллёвых умоў. У яе сям'і трое дзяцей, адно з якіх інвалід. Па нормах яму патрэбны асобны пакой. Пры гэтым сям'я жыве ў двухпакаёвай кватэры ў Мінску і не можа стаць на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў, паколькі для гэтага метраж на чалавека ў сталіцы не павінен перавышаць 10 кв.м (у рэгіёнах - 15 кв.м). Уладзімір Кухараў даручыў прааналізаваць усе нюансы і адпрацаваць магчымасць урэгулявання гэтага пытання. Праблема ўзята на кантроль. "Калі ўбачым, што трэба вырашаць гэта пытанне, будзем выходзіць з адпаведнымі заканадаўчымі ініцыятывамі. Праблемы сем'яў з дзецьмі-інвалідамі трэба вырашаць комплексна", - падкрэсліў ён.

Яшчэ адно важнае пытанне - забеспячэнне безбар'ернага асяроддзя, у тым ліку планіроўка кватэр для інвалідаў. Адна з маці адзначыла, што ў кватэры вельмі складана перамяшчаць і паварочваць інвалідную каляску. Віцэ-прэм'ер звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць кватэры, у планіроўцы якіх улічваюцца патрэбнасці такой катэгорыі людзей, у прыватнасці пашыраны дзвярныя праёмы. "Спецыяльныя праекты распрацаваны, трэба толькі адрэгуляваць гэта пытанне. Міністэрству працы і сацыяльнай абароны трэба ўзяць гэту праблему пад сваю эгіду і фарміраваць сацыяльны заказ. Тады выканкам будзе ведаць, колькі кватэр для сем'яў з інвалідамі трэба пабудаваць у раёне", - дадаў ён.

Маці ўзнялі праблему вырабу інвалідных калясак, тэхнічных сродкаў сацыяльнай рэабілітацыі, пашыву артапедычнага абутку. Паводле іх слоў, мадэль каляскі нярэдка не адпавядае патрэбнасцям канкрэтнага дзіцяці-інваліда, а пры пашыве абутку вялікія чэргі і заказ трэба чакаць некалькі месяцаў. Уладзімір Кухараў даручыў прапрацаваць пытанне ўдасканалення мадыфікацый інвалідных калясак і падкрэсліў, што вытворцу трэба ў першую чаргу ўлічваць меркаванні людзей, якія карыстаюцца такімі сродкамі. Ён таксама даў даручэнне ўрэгуляваць пытанні пашыву артапедычнага абутку.

Актуальнай праблемай з'яўляецца няхватка сацыяльных таксі. У сувязі з гэтым запісвацца трэба задоўга да плануемай паездкі, што стварае цяжкасці для сем'яў з інвалідамі. Віцэ-прэм'ер адзначыў неабходнасць папаўнення аўтапарку. "Сацыяльныя таксі запатрабаваны, яны патрэбны многім сем'ям, і мы павінны прадаўжаць работу ў гэтым напрамку", - сказаў ён.

Акрамя таго, маці выступілі з прапановай зрабіць больш свабодным графік работы сацыяльных нянь - не строга чатыры гадзіны ў дзень, як цяпер, а па дамоўленасці паміж сям'ёй і няняй. Віцэ-прэм'ер падтрымаў гэту прапанову і даручыў прапрацаваць магчымасць вырашэння пытання.

Да Уладзіміра Кухарава на прыёме грамадзян звярталіся ў тым ліку наконт паляпшэння жыллёвых умоў, жыллёва-камунальных паслуг, ліцэнзавання ў транспартнай сферы.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія