Поўная версія

Зась: набыццё знішчальнікаў Су-30СМ паклала пачатак паэтапнаму пераўзбраенню ВПС Беларусі

Грамадства 14.11.2019 | 10:10
Станіслаў Зась. Фота з архіва
Станіслаў Зась. Фота з архіва

14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Набыццё знішчальнікаў Су-30СМ паклала пачатак паэтапнаму пераўзбраенню ВПС Беларусі. Аб гэтым у эфіры тэлеканала СТБ заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, паведамляе БЕЛТА.

У сераду, 13 лістапада, у Беларусь прыбыла першая пара баявых знішчальнікаў Су-30СМ, закупленых у Расіі. Станіслаў Зась назваў гэты дзень, без перабольшання, гістарычным для Узброеных Сіл і важным у цэлым для краіны. "Таму што ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі мы пастаўляем у баявы склад ваенна-паветраных сіл нашай краіны новыя, сучасныя шматфункцыянальныя знішчальнікі Су-30СМ, - адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі. - Гэты дзень яшчэ знамянальны тым, што гэта пачатак паэтапнага пераўзбраення ўсіх нашых ВПС на новыя тыпы самалётаў".

Паводле слоў Станіслава Зася, неабходнасць пераўзбраення ваенна-паветраных сіл наспела даволі даўно. "Яна была выклікана тым, што знішчальнікі Мі-29, якія і ў нашы дні з'яўляюцца эфектыўнымі баявымі машынамі, падышлі ўжо да мяжы вычарпання свайго рэсурсу і маральнага, і фізічнага. Да мяжы, за якой рамонт і падаўжэнне рэсурсаў гэтых самалётаў фізічна немагчымы. Таму і ўзнікла такая вострая неабходнасць у пастаўцы новых самалётаў", - растлумачыў ён.

"Першапачаткова ў гэтым працэсе мы спрабавалі дамовіцца з Расійскай Федэрацыяй аб аказанні дапамогі нам у вырашэнні гэтай складанай і вельмі затратнай задачы. Узамен атрымалі прапанову аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі ваенна-паветранай базы РФ. Але, пагадзіцеся, гэта не адно і тое ж. Размяшчэнне тут, на нашай зямлі, ваенна-паветранай базы не вырашае праблему развіцця нашай уласнай баявой авіяцыі. Таму мы сталі зыходзіць з уласных магчымасцей", - расказаў Станіслаў Зась. Ён звярнуў увагу, што ў гэтым працэсе з самага пачатку ўдзельнічаў непасрэдна галоўнакамандуючы Узброеных Сіл, кіраўнік дзяржавы. "Дзеля справядлівасці павінен сказаць, што без яго ўдзелу, падтрымкі мы гэту задачу цяпер не вырашылі б", - падкрэсліў дзяржсакратар.

Неабходныя для закупкі Су-30СМ сродкі на рахунках Міністэрства абароны былі зарэзерваваны даволі даўно. Праведзена вялікая работа па перападрыхтоўцы лётчыкаў, тэхнікаў, інфраструктуры і г.д.

Як паведамлялася, дагавор на пастаўку самалётаў быў падпісаны ў 2017 годзе. Па кантракце з расійскім прадпрыемствам у 2019 годзе планавалася пастаўка першага звяна Су-30СМ. У ім чатыры самалёты. Кантракт заключаўся ў мэтах абнаўлення парку баявых лятальных апаратаў. У планах набыццё 12 машын.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія