Поўная версія

У цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў удзеляць увагу гісторыі і культуры Беларусі

Грамадства 13.06.2019 | 10:54

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізатары цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў удзеляць увагу гісторыі і культуры Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказаў начальнік упраўлення па цырымоніі і культурнай праграме фонду "Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Сяргей Хоміч.

"У ходзе маляўнічага шоу на стадыёне "Дынама" запланавана каля васьмі мастацкіх блокаў. Кожны з іх прысвечаны якой-небудзь тэме, напрыклад, паданням і легендам, сярэдневяковаму мінуламу Беларусі. У сцэнарыі шоу ўдзяляецца ўвага творчасці беларускіх літаратараў, сярод якіх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Ян Баршчэўскі, а таксама дзейнасці Ефрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны. У ходзе шоу будуць раскрыты яркія і слаўныя старонкі беларускай гісторыі. Для нас цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў - шанц расказаць пра багатую, цікавую культурную спадчыну краіны", - адзначыў Сяргей Хоміч.

Ён таксама адзначыў, што над правядзеннем цырымоніі працуе міжнародная рэжысёрская група. Яе ўдзельнікі змаглі шмат у чым арыгінальна паглядзець на гістарычныя падзеі ў сучасным стылі. Гледачы таксама пры дапамозе спецыяльнага дадатку Opening Ceremony AR Minsk 2019 могуць убачыць шоу з эфектамі дапоўненай рэальнасці.

Генеральная рэпетыцыя шоу пройдзе на мінскім стадыёне "Дынама" 19 чэрвеня, а цырымонія адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў - 21-га. Як паведамлялася, у Мінску на галоўнай арэне маштабнага культурна-спартыўнага шоу выступяць оперная спявачка Ганна Нятрэбка і папулярны спявак Дзімаш Кудайберген з Казахстана.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 4 тыс. спартсменаў з 50 дзяржаў, яны будуць спаборнічаць у 15 відах спорту. Упершыню Еўрапейскія гульні прайшлі ў чэрвені 2015 года ў сталіцы Азербайджана Баку.

Білеты на спартыўны форум можна набыць на сайце minsk2019.ticketpro.by, у сетцы партнёрскіх кас білетнага аператара на тэрыторыі Беларусі і ў больш як 300 пунктах продажу па ўсёй краіне ва ўсіх абласных гарадах і буйных раённых цэнтрах. Купіць білеты можна і па безнаяўным разліку. Для гэтага трэба аформіць заяўку на фірменным бланку з рэквізітамі, кантактным нумарам тэлефона і e-mail для зваротнай сувязі і адправіць яе па факсе 8-017-392-67-70 або на e-mail: minsk2019@ticketpro.by.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія