Поўная версія

У Мінску і абласных цэнтрах 20 кастрычніка пабіты тэмпературныя рэкорды

Грамадства 21.10.2019 | 13:24
Фота з архіва
Фота з архіва

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмпературныя рэкорды пабіты 20 кастрычніка ў Мінску і абласных цэнтрах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

"У мінулыя суткі захоўвалася цёплае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра плюс 10-16 градусаў, што на 5-9 градусаў вышэй за кліматычную норму. Тэмпература днём 20 кастрычніка была ў асноўным 16-21 градус цяпла, па поўдні паветра прагравалася да 22,5 градуса. Цяплей за ўсё было на метэастанцыі Палеская (Лунінецкі раён). Тэмпературныя рэкорды дня былі пабіты ўчора па ўсёй Беларусі. У Мінску слупок тэрмометра падняўся да 20,1 градуса вышэй за нуль. Папярэдні рэкорд быў у 1966 годзе - плюс 17,4 градуса", - расказалі ў Белгідрамеце.

У Брэсце 20 кастрычніка тэмпература паветра павышалася да 21,7 градуса цяпла (папярэдні максімум быў значна меншы - плюс 18,4 градуса ў 1984 годзе). У Віцебску было 18,4 градуса цяпла (плюс 16,2 градуса ў 1966 годзе), у Гомелі - 20,4 градуса вышэй за нуль (плюс 18,5 градуса ў 1966 годзе), у Гродне - 19,1 градуса цяпла (плюс 16,9 градуса ў 1984 годзе), у Магілёве - 18,8 градуса вышэй за нуль (плюс 17 градусаў у 1966 годзе).

Сёння ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць, будзе пераважна без ападкаў. У ранішні час месцамі захаваецца туман. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні слабы з узмацненнем да ўмеранага. Тэмпература паветра па краіне ўдзень будзе ў межах ад 15 да 20 градусаў цяпла, па поўдні - да 22 градусаў вышэй за нуль. У бліжэйшыя дні ў краіне захаваецца цёплае надвор'е.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія