Поўная версія

У час "Купалля" ў Александрыі раскажуць аб турыстычным і эканамічным патэнцыяле Беларусі

Грамадства 14.03.2019 | 13:31
У час свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Фота з архіва
У час свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Фота з архіва

14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час "Купалля" ў Александрыі запланавана прадэманстраваць турыстычны і эканамічны патэнцыял Беларусі, заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"За гады існавання свята "Купалле" набыло значэнне адной з галоўных культурных пляцовак краіны. Улічваючы дасягнутыя вынікі, пры арганізацыі і правядзенні свята будуць прад'яўляцца такія ж патрабаванні, як і да іншых значных для краіны культурных форумаў. Галоўнае - узнімаць планку ўсё вышэй і вышэй, у тым ліку ў пытаннях інфраструктуры, фінансаў, эканамічных разлікаў. У рамках свята мы прадугледжваем правесці прэзентацыю эканамічнага і турыстычнага патэнцыялу не толькі Магілёўскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў Беларусі для прадстаўнікоў дыпмісій, а таксама замежнага бізнесу. Неабходна гэта пытанне прааналізаваць разам з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай", - сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што ў творчага складніка свята ўнікальны і своеасаблівы характар. "Галоўная сцэна на працягу некалькіх гадоў была эксперыментальнай пляцоўкай для стварэння змястоўнага напаўнення новых відаў канцэртаў. Хацелася б сёння пачуць канкрэтныя прапановы па канцэпцыі галоўнага канцэрта свята, наколькі будзе ўлічана тэматыка Года малой радзімы", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў") плануецца правесці 6-7 ліпеня. Яго галоўная тэма - трохгоддзе малой радзімы і II Еўрапейскія гульні. Традыцыйна асноўнымі мерапрыемствамі свята стануць цырымонія адкрыцця, канцэрты на малой і галоўнай сцэнах, гандаль на імправізаваных кірмашовых вуліцах, начная маладзёжная дыскатэка, ушаноўванне перадавікоў аграпрамысловага комплексу.

Як чакаецца, кульмінацыяй першага дня свята стане гала-канцэрт, у аснову якога пакладзены песні з новага альбома лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай "Куточак Беларусі". Гэта шоу стане пілотным праектам, які Міністэрства культуры плануе ў далейшым выкарыстоўваць як брэндавы нацыянальны прадукт, што прэзентуе сучасную беларускую эстраду, пры правядзенні Дзён культуры за мяжой і іншых міжнародных мерапрыемстваў. У канцэрце прагучаць 27 песень Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай у выкананні зорак беларускай эстрады, народных, эстрадных і фальклорных калектываў.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія