Поўная версія

Тэма малой радзімы дамінавала на конкурсе архівістаў Беларусі

Грамадства 22.10.2018 | 11:54
Фота з архіва
Фота з архіва

22 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Тэма малой радзімы дамінавала на рэспубліканскім прафесійным конкурсе "Лепшы архівіст Беларусі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.

Конкурс праводзіўся ў два этапы. Асноўнае заданне заключалася ў падрыхтоўцы работ па тэме "Малая радзіма ў дакументах Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь". На другім этапе, які прайшоў на базе дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, патрабавалася вырашыць тэарэтычныя і практычныя заданні па прававых асновах дзейнасці дзяржаўных архіўных устаноў.

У конкурсе прынялі ўдзел 17 архівістаў краіны. Лепшай была прызнана работа пра гісторыю в.Гуцкі Кобрынскага раёна загадчыцы аддзела занальнага дзяржаўнага архіва ў Кобрыне Святланы Кузінай. Дыпломам II ступені адзначана даследаванне навуковага супрацоўніка Нацыянальнага архіва Беларусі Таццяны Агеенка аб інфармацыйным патэнцыяле дакументаў архіўнага фонду Міністэрства статыстыкі і аналізу па гісторыі сем'яў. Трэцяе месца заняла вядучы архівіст дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Наталля Фядотава-Шнер з гісторыяй пасёлка Тарны. Пераможцы конкурсу таксама ўзнагароджаны прызамі Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Прафесійны конкурс "Лепшы архівіст Беларусі" праводзіцца раз у два гады пачынаючы з 2014-га. Яго арганізатарамі выступаюць Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі і Беларускае таварыства архівістаў пры падтрымцы прафесійнага саюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Конкурс арганізуюць у мэтах выяўлення і падтрымкі лепшых архівістаў, якія паказалі высокі ўзровень прафесіяналізму, фарміравання станоўчага вобраза архіўнай галіны і павышэння грамадскага статусу прафесіі архівіста, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці архівістаў да гісторыі Беларусі на базе архіўных дакументаў.

Цяпер у Беларусі працуюць 32 дзяржаўныя архіўныя ўстановы, якія забяспечваюць вечнае захаванне больш як 13 мільёнаў архіўных спраў, пачынаючы з 1391 года, а таксама больш за 330 тыс. аўдыявізуальных дакументаў. Апошнія гады дзяржаўныя органы і арганізацыі пераходзяць на электронны дакументаабарот, таму актуальнай задачай архівістаў рэспублікі з'яўляецца забеспячэнне архіўнага захоўвання электроннай дакументацыі.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія