Сцяг Аўторак, 10 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 красавіка 2024, 13:57

Тарасенка: колькасць парушэнняў, якія датычацца якасці харчавання ў школах, знізілася на трэць

Фота з архіва
Фота з архіва
19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Колькасць парушэнняў, якія закранаюць якасць харчавання ў школах, зменшылася на 30 працэнтаў у параўнанні з мінулым навучальным годам. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Аляксандр Тарасенка перад нарадай па пытаннях арганізацыі школьнага харчавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА

Як адзначыў Аляксандр Тарасенка, Міністэрства аховы здароўя сумесна з Міністэрствам адукацыі ўжо другі навучальны год працуе над рэалізацыяй і ўкараненнем пілотнага праекта па харчаванні школьнікаў. "Галоўнае, каб гэта харчаванне было бяспечным, якасным і адпавядала патрабаванням, - сказаў ён. - У ходзе рэалізацыі праекта ў гэтым навучальным годзе мы адзначаем павелічэнне колькасці школ, уключаных у гэты праект. Спадзяюся, што з 1 верасня ў ім будуць задзейнічаны ўсе".

Паводле яго слоў, колькасць парушэнняў, якія закранаюць якасць і бяспеку харчавання, зменшылася на 30 працэнтаў у параўнанні з мінулым навучальным годам. "Большасць парушэнняў датычыцца правядзення вільготнага прыбірання, забеспячэння асабістай гігіены персаналу і іншага", - дадаў Аляксандр Тарасенка.

Галоўны дзяржсанўрач падкрэсліў, што ў рамках праекта ўдалося ахапіць большую колькасць старшакласнікаў, якія адмаўляліся ад гарачых абедаў. "Ахоп гарачым харчаваннем на сённяшні дзень складае 92 працэнты", - падкрэсліў ён. Акрамя таго, рэалізацыя праекта пасадзейнічала змяншэнню колькасці харчовых адходаў у школах да 30 працэнтаў.

Для рэалізацыі праекта ўдасканальвалася матэрыяльна-тэхнічная база, закуплялася новае тэхналагічнае абсталяванне, была праведзена работа з кадрамі. "Некаторыя пытанні і праблемы яшчэ захоўваюцца. Думаю, на сённяшняй нарадзе мы іх разгледзім і вырашым, што нам яшчэ неабходна зрабіць", - рэзюмаваў Аляксандр Тарасенка.

Сёння ва ўрадзе пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра праходзіць нарада, дзе разглядаюцца пытанні арганізацыі школьнага харчавання. У ёй прымаюць удзел прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі і іншых зацікаўленых.-0-

Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі