Поўная версія

Сусветны паштовы саюз распрацоўвае стратэгію на 2021-2024 гады

Грамадства 09.07.2019 | 16:11

9 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сусветны паштовы саюз распрацоўвае стратэгію на 2021-2024 гады, паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар Міжнароднага бюро СПС Бішар Хусэйн у час Рэгіянальнага стратэгічнага форуму СПС для краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, які праходзіць 9-10 ліпеня ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сусветны паштовы саюз дабіўся значных вынікаў ва ўсіх рэгіёнах дзякуючы Стамбульскай паштовай стратэгіі, яе дарожнай карце на перыяд 2017-2020 гадоў. У сувязі з набліжэннем наступнага чатырохгадовага стратэгічнага цыкла распрацоўваецца Абіджанская паштовая стратэгія на 2021-2024 гады. Акрамя таго, важным стратэгічным дакументам з'яўляецца канцэпцыя развіцця пошты на перыяд да 2030 года, якая таксама будзе абмяркоўвацца на форуме. "Сусветны паштовы саюз аб'ядноўвае 192 краіны, па ўсім свеце размешчана больш за 650 тыс. паштовых аддзяленняў. Пры фарміраванні стратэгіі ўсе краіны аб'ядноўваюцца, разам разглядаюць пытанні, звязаныя з бізнесам, і вызначаюць, як найлепшым чынам забяспечыць далейшае развіццё паштовага сектара. Асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанням лагістыкі і паштовых паслуг. Мы імкнёмся зрабіць усё, каб адпавядаць чаканням рынку. У абмеркаванні гэтых пытанняў і заключаецца асноўная задача сённяшняй сустрэчы ў Мінску", - сказаў Бішар Хусэйн.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган падкрэсліў, што ў Беларусі вітаюць і падтрымліваюць місію Сусветнага паштовага саюза па стымуляванні ўстойлівага развіцця, эфектыўных, даступных і якасных універсальных паштовых паслуг з мэтай падтрымання сувязей паміж жыхарамі ўсяго свету. "Беларусь высока ацэньвае давер, аказаны Сусветным паштовым саюзам, па арганізацыі і правядзенні рэгіянальнага мерапрыемства такога высокага ўзроўню. Такія форумы прадастаўляюць кожнаму рэгіёну магчымасць улічыць свае адметныя асаблівасці і напрамкі дзейнасці пры фарміраванні глабальных стратэгічных дакументаў. Паштовыя службы ў сучасным свеце зведваюць сур'ёзныя выклікі, у першую чаргу ў сувязі з лічбавай трансфармацыяй. Гэты працэс адкрывае перспектывы росту для ўсіх удзельнікаў паштовага рынку", - адзначыў ён.

"Як прыклад лічбавай трансфармацыі можна прывесці электронны гандаль праз паштовы сектар і іншыя паслугі, якія ў электронным выглядзе могуць атрымліваць нашы спажыўцы. Інфарматызацыя, аўтаматызацыя ўваходзяць у наша жыццё даволі хутка, і гэтыя працэсы павінны быць перакладзены на паштовыя паслугі, якія ўжо аказваюцца на гэты момант. Таксама ў планах пашырэнне пераліку паслуг, якія можа аказваць пошта. Акцэнт будзе зроблены на электронныя паслугі, электронныя сэрвісы або забеспячэнне стандартных сэрвісаў электроннай абалонкай для паляпшэння якасці паслуг", - дадаў міністр.

Міжнароднае бюро Сусветнага паштовага саюза ў супрацоўніцтве з РУП "Белпошта" пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі, Асацыяцыі еўрапейскіх дзяржаўных паштовых аператараў і Рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі праводзіць Рэгіянальны стратэгічны форум СПС для краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі 9-10 ліпеня ў Мінску. Мінскі форум - адзін з шасці рэгіянальных форумаў па пытаннях паштовай дзейнасці, якія будуць праведзены ў 2019 годзе. Такія мерапрыемствы будуць садзейнічаць распрацоўцы перспектыўнай стратэгіі СПС з улікам асаблівасцей развіцця рэгіёнаў і асобных краін, патрэбнасцей рэгулятараў паштовай сферы і нацыянальных аператараў дзяржаў - удзельніц саюза. Форум праводзіцца з мэтай падрыхтоўкі да 27-га кангрэса Сусветнага паштовага саюза, які пройдзе ў Абіджане (Кот-д'Івуар) у 2020 годзе.

У форуме ў Мінску прымаюць удзел прадстаўнікі 30 краін Еўропы і СНД. Будуць разглядацца такія тэмы, як ацэнка рэалізацыі Стамбульскай сусветнай паштовай стратэгіі, рэгіянальны складнік будучай Абіджанскай паштовай стратэгіі, вызначэнне прыярытэтаў развіцця паштовай сувязі ў рэгіёне на 2021-2024 гады. Удзельнікі падзеляцца вопытам у галіне развіцця паштовай інфраструктуры ў мэтах эфектыўнага абслугоўвання насельніцтва. Паштовыя аператары краін рэгіёна раскажуць аб трансфармацыі сваёй дзейнасці з улікам імклівага развіцця лічбавых тэхналогій.

Сусветны паштовы саюз адыгрывае вядучую ролю ў актывізацыі паштовых паслуг і з'яўляецца асноўным механізмам супрацоўніцтва паміж паштовымі службамі краін свету. Беларусь з'яўляецца членам СПС з 1947 года.-0-

Фота Раміля Насібуліна

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія