Поўная версія

Сусветная турысцкая арганізацыя выкарыстоўвае вопыт Еўрапейскіх гульняў у Мінску для развіцця спартыўнага турызму

Грамадства 29.06.2019 | 18:38
Фота з архіва
Фота з архіва

29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вопыт Мінска ў арганізацыі і правядзенні II Еўрапейскіх гульняў будзе выкарыстаны для падрыхтоўкі комплексных рэкамендацый у галіне спартыўнага турызму для краін - удзельніц Сусветнай турысцкай арганізацыі. Аб гэтым заявіў на сустрэчы ў мінскай ратушы генеральны сакратар арганізацыі Зураб Палалікашвілі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Уся Еўропа ў гэтыя дні ў Мінску. Гэта пазітыўны вынік для краіны - пра яе даведаюцца ў свеце. Тут можна камфортна і бяспечна правесці тыдзень з сям'ёй, наведаць цудоўны горад Мінск. Асабліва прыемна гасціннасць, якую адчуваеш адразу", - сказаў Зураб Палалікашвілі. Ён выказаў удзячнасць за магчымасць удзельнічаць у такой вялікай падзеі і адзначыў, што як кіраўнік арганізацыі мае намер паглядзець, якім будзе вынік правядзення Гульняў, і расказаць аб ім астатнім краінам арганізацыі.

"Мы з мінулага года пачалі аналізаваць, які ўплыў мае спорт на турызм. Па ўсім свеце праводзяцца розныя мегападзеі: Алімпійскія, Еўрапейскія гульні, фестывалі. Усё гэта мы хочам перавесці ў лічбы, паказаўшы эфект: якія былі інвестыцыі, які даход атрыманы - не толькі фінансавы, але і іміджавы", - растлумачыў генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі.

Ён лічыць, што для Беларусі перспектыўнымі з'яўляюцца эка- і агратурызм. "Мы збіраемся заўтра наведаць пару пляцовак і азнаёміцца з мясцовым вопытам", - сказаў госць. Для яго гэта першы візіт у Беларусь. Сусветная турысцкая арганізацыя плануе аб'явіць наступны год Годам аграэкатурызму, і Беларусь можа стаць добрым прыкладам таго, як трэба развіваць гэты напрамак, лічыць Зураб Палалікашвілі.

Ён запрасіў беларускі бок прыняць удзел у маючай адбыцца сусветнай канферэнцыі па гарадскім турызме ў кастрычніку бягучага года ў Нур-Султане і ў другой сустрэчы (у 2020 годзе) прадстаўнікоў гарадскіх адміністрацый. Гэта новая ініцыятыва Сусветнай турысцкай арганізацыі ААН: у бягучым годзе ўпершыню 30 мэраў гарадоў і 15 іх намеснікаў абмеркавалі праблемныя аспекты развіцця турызму (транспарт, інфраструктуру). Выпрацаваныя рэкамендацыі будуць перададзены і Мінску.

Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак выказаў удзячнасць госцю за магчымасць выкарыстання міжнароднага вопыту, экспертных ацэнак і ўдзелу ў прыняцці рашэнняў.

У цэлым Зураб Палалікашвілі абяцаў усебаковую экспертную падтрымку Мінску і Беларусі для развіцця турыстычнага патэнцыялу: гарадскога, спартыўнага, падзейнага, гастранамічнага, у галіне турмаркетынгу.

У праграме яго візіту, акрамя ўдзелу ў цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў, сустрэчы з высокапастаўленымі службовымі асобамі.

Беларусь з'яўляецца членам Сусветнай турысцкай арганізацыі з 2005 года яшчэ са 157 краінамі свету.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія