Поўная версія

Шчоткіна: малы бізнес - ключ да самарэалізацыі жанчын у вёсцы

Грамадства 19.10.2018 | 11:59
Мар'яна Шчоткіна. Фота з архіва
Мар'яна Шчоткіна. Фота з архіва

18 кастрычніка, Смалявіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Самарэалізацыя жанчын у сферы малога бізнесу ў вёсцы толькі набірае абароты, менавіта ў гэтым бачацца вялікія рэсурсы для вырашэння пытання занятасці. Такое меркаванне выказала сёння старшыня ГА "Беларускі саюз жанчын", намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна ў час выязнога круглага стала ў Смалявіцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння Беларускі саюз жанчын праводзіць на базе ААТ "Азярыцкі-Агра" круглы стол на тэму "Духоўны патэнцыял вясковай жанчыны як фактар умацавання і развіцця малой радзімы". Удзельнікі абмяркоўваюць пытанні ролі жанчын у грамадскім і палітычным жыцці краіны, умоў працы, адпачынку, развіцця творчага патэнцыялу вясковых жыхарак. "БСЖ удзяляе асаблівую ўвагу рабоце з вясковымі жанчынамі, уключаючы іх у актыўную грамадскую дзейнасць, прыцягваючы да вырашэння сацыяльных пытанняў, накіраваных на паляпшэнне ўзроўню і якасці жыцця ў вёсцы", - адзначыла Мар'яна Шчоткіна.

На яе думку, важнейшым напрамкам работы арганізацыі ў гэтай сферы павінна стаць садзейнічанне ў пытаннях самазанятасці, развіцця жаночага прадпрымальніцтва, фермерства, аграэкатурызму. "Неабходна ўдзяляць павышаную ўвагу малому бізнесу ў вёсцы, падтрымліваць яго развіццё, а мясцовым уладам ствараць неабходныя ўмовы для развіцця жаночага прадпрымальніцтва", - рэзюмавала старшыня БСЖ.

Удзельнікі мерапрыемства перад пачаткам дыскусіі наведалі Прылепскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - сярэдняя школа, паглядзелі выстаўку творчых работ працаўніц вёскі, азнаёміліся з умовамі працы і побыту вясковых жанчын на прыкладзе МТФ "Задомля", сустрэліся з работніцамі галіны жывёлагадоўлі.

"Адбылася шчырая размова з жанчынамі-жывёлаводамі аб тым, як жывуць у вёсцы. Яны вельмі любяць сваю зямлю, падтрымліваюць мерапрыемствы Года малой радзімы. Многае робяць для паляпшэння вытворчых паказчыкаў, - адзначыла Мар'яна Шчоткіна. - Галоўнае пажаданне, якое яны выказалі, - каб больш увагі ўдзялялася развіццю сацыяльнай сферы ў сельскай мясцовасці. Размова ідзе аб месцах правядзення вольнага часу. Павінны працаваць клубы, бібліятэкі, спартыўныя аб'екты, кафетэрыі - усё тое, што ёсць у горадзе. Хочацца, каб дзеці, калі вырастуць, вярталіся на малую радзіму, таму што тут ёсць не толькі дзе працаваць, але і дзе адпачываць".-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія