Поўная версія

Савет камандуючых Пагранвойскамі СНД падпісаў 16 рашэнняў па выніках пасяджэння ў Мінску

Грамадства 17.10.2019 | 17:31

17 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет камандуючых Пагранічнымі войскамі дзяржаў - удзельніц СНД падпісаў 16 рашэнняў па выніках пасяджэння ў Мінску, паведаміў журналістам намеснік старшыні Савета камандуючых Пагранвойскамі - старшыня Каардынацыйнай службы генерал-палкоўнік Аляксандр Манілаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Толькі што завяршылася 82-е пасяджэнне Савета камандуючых Пагранічнымі войскамі дзяржаў - удзельніц СНД, на якім мы разгледзелі шэраг пытанняў. Па выніках нашай работы падпісана 16 рашэнняў", - сказаў Аляксандр Манілаў.

Адным з асноўных на парадку дня было пытанне абстаноўкі, што складваецца на знешніх граніцах краін СНД. У тым ліку прааналізавана сітуацыя па барацьбе з тэрарызмам. Па выніках падпісаны заключны дакумент з ацэнкай, аналізам і перспектывамі развіцця гэтай абстаноўкі.

"Найбольш складаная абстаноўка, паводле ацэнкі кіраўнікоў пагранічных ведамстваў, складваецца на таджыкска-афганскім участку дзяржаўнай граніцы, - адзначыў Аляксандр Манілаў. - Сёння, паводле нашых ацэнак, там сканцэнтравана каля 8 тыс. баевікоў, якія прыбылі з раёнаў баявых дзеянняў: Сірыі, Ірака і іншых рэгіёнаў. У большасці гэта выхадцы з каўказскіх рэгіёнаў, прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, у тым ліку з Афрыканскага кантынента". У сувязі з гэтым прыняты рашэнні па ўмацаванні пагранічнай бяспекі на гэтым напрамку. У прыватнасці, на разглядзе кіраўнікоў пагранведамстваў быў адпаведны дакумент на 2020-2025 гады, у якім прадугледжаны шэраг практычных мерапрыемстваў.

На пасяджэнні ў Мінску разгледжаны вынікі дзейнасці Савета камандуючых Пагранічнымі войскамі ў 2019 годзе і прыярытэтныя задачы на 2020-ы, а таксама вынікі сумесных спецыяльных пагранічных аперацый, калі былі затрыманы парушальнікі дзяржаўнай граніцы, пагранічнага рэжыму, канфіскаваны наркотыкі, што сведчыць аб неабходнасці гэтых аперацый у далейшым. Ёсць прапановы па правядзенні ў 2020 годзе чарговых такіх аперацый у Цэнтральнаазіяцкім рэгіёне і на заходнім напрамку.

Вялікая ўвага ўдзелена падрыхтоўцы і правядзенню вучэнняў пагранведамстваў, неабходных для ўмацавання пагранічнай бяспекі. Прынята рашэнне правесці чарговае такое вучэнне на тэрыторыі Расіі ў 2020 годзе.

Наконт маючага адбыцца ў 2021 годзе чэмпіянату свету па хакеі старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо дадаў, што ў Беларусі вялікі вопыт забеспячэння бяспекі на такіх мерапрыемствах. "Засталося абнавіць пункты пропуску, адпрацаваць тэхнічны кампанент. Усе грамадзяне, якія да нас прыедуць, гарантую, будуць задаволены наведваннем нашай краіны", - падкрэсліў ён.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія