Поўная версія

Рэктар БДУ аб кошце навучання: непрыемных сюрпрызаў для студэнтаў не будзе

Грамадства 12.07.2019 | 12:21
Андрэй Кароль. Фота з архіва
Андрэй Кароль. Фота з архіва

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэктар БДУ Андрэй Кароль сёння, адказваючы на пытанні журналістаў аб кошце навучання ў ВНУ, паведаміў, што непрыемных сюрпрызаў для студэнтаў і іх бацькоў не будзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Андрэй Кароль лічыць недарэчным гаварыць аб тым, што кошт навучання ў БДУ можа некага шакіраваць. "Гэта ўсё са сферы эмоцый і журналісцкіх трэндаў", - сказаў ён.

Рэктар БДУ растлумачыў, што кошт "разлічваецца зыходзячы з сабекошту падрыхтоўкі, дзе адбываецца калькуляцыя расходаў, уключаючы зарплату спецыялістаў, матэрыяльна-тэхнічную базу і іншыя рэчы". "Пакуль усё тут у планавым парадку", - дадаў Андрэй Кароль. Ён паабяцаў, што ВНУ своечасова праінфармуе студэнтаў.

Сёння беларускія ВНУ пачалі прымаць дакументы ад абітурыентаў. У БДУ ў гэтым годзе плануюць набраць 5193 студэнты, што складае 101 працэнт да плана прыёму 2018 года. Паводле слоў рэктара, больш абітурыентаў будзе прынята на IT-спецыяльнасці, сярод астатніх адбылося пераразмеркаванне, напрыклад, недзе зменшылі колькасць месцаў на скарочаную форму навучання.

З гэтага года ўпершыню ў БДУ правядуць набор у сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ-ДПУ (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт) па спецыяльнасцях "фізіка (вытворчая дзейнасць)", "механіка і матэматычнае мадэляванне", "сусветная эканоміка". У інстытут плануецца прыняць 58 чалавек - 28 на бюджэт і 30 на платнае. Падрыхтоўка студэнтаў будзе весціся на першых двух курсах на рускай мове, а з 3-га курса шэраг дысцыплін - на англійскай. Плануецца таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Выпускнікі беларуска-кітайскага інстытута атрымаюць два дыпломы: БДУ і ДПУ. У прафесарска-выкладчыцкі склад увойдуць прадстаўнікі беларускага і кітайскага ўніверсітэтаў. Выпускнікі інстытута будуць запатрабаваны прамысловымі, адукацыйна-навуковымі прадпрыемствамі і IT-кампаніямі Беларусі і Кітая, а таксама кампаніямі індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Гэта ўнікальны праект не толькі з пункту гледжання кампетэнцыі выпускнікоў. Гэта будзе элітная адукацыя", - падкрэсліў Андрэй Кароль.

Як паведамлялася, беларускія ВНУ будуць прымаць дакументы ад абітурыентаў па 17 ліпеня. Прыём дакументаў ад тых, хто вырашыў паступаць на платнае аддзяленне і не будзе здаваць уступныя іспыты непасрэдна ў саміх ВНУ, будзе весціся з 12 ліпеня па 4 жніўня. Крыху іншыя тэрміны ў гэтым выпадку ўстаноўлены для сілавых і творчых ВНУ - 12-31 ліпеня і 12 ліпеня - 2 жніўня адпаведна.

Выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педспецыяльнасці, могуць падаваць дакументы з 12 па 14 ліпеня. Пазней за ўсіх чакаюць абітурыентаў на завочныя месцы ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю - з 15 лістапада па 5 снежня.

Усяго ў 2019 годзе ў ВНУ Беларусі плануецца прыняць 54,7 тыс. чалавек, што на 1 працэнт больш за план прыёму мінулага года. Чакаецца, што студэнтамі бюджэтнай формы навучання стануць 26,6 тыс. чалавек, гэта на 0,7 працэнта перавышае план прыёму 2018 года. Павялічаны набор на медыцынскія, IT-спецыяльнасці, а таксама спецыяльнасці фізкультуры і спорту. На платнае аддзяленне ВНУ маюць намер прыняць 28,2 тыс. чалавек, што на 1,5 працэнта перавышае мінулагодні план прыёму за кошт IT-спецыяльнасцей і спецыяльнасцей фізкультуры і спорту.

Прыём дакументаў будуць весці 49 ВНУ, з іх 42 - дзяржаўнай формы ўласнасці і 7 - прыватнай.

Унутраныя ўступныя іспыты пройдуць з 18 па 26 ліпеня, з 6 па 15 снежня - у сельскагаспадарчых ВНУ. Тэрміны залічэння за кошт сродкаў бюджэту - па 28 ліпеня (за выключэннем ваенных устаноў вышэйшай адукацыі), на платнай аснове - па 6 жніўня (за выключэннем некаторых ваенных ВНУ і культуры).-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія