Поўная версія

Раўкоў: аптымізацыя баявога і колькаснага складу УС - прыярытэт будаўніцтва беларускай арміі

Грамадства 25.10.2018 | 14:26
Андрэй Раўкоў
Андрэй Раўкоў

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аптымізацыя баявога і колькаснага складу Узброеных Сіл з'яўляецца прыярытэтным напрамкам будаўніцтва беларускай арміі да 2020 года. Аб гэтым сёння журналістам заявіў міністр абароны Андрэй Раўкоў у час сустрэчы з кіраўнікамі рэспубліканскіх СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прыярытэтным напрамкам будаўніцтва беларускай арміі да 2020 года з'яўляецца, па-першае, аптымізацыя баявога складу і колькасці Узброеных Сіл. Па-другое, выбарачнае пераўзбраенне войскаў на сучасныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі. Па-трэцяе, утылізацыя і рэалізацыя незапатрабаваных ва УС узораў узбраення, ваеннай тэхнікі, боепрыпасаў і матэрыяльных сродкаў, аптымізацыя месцаў іх захоўвання, перадача вызваляемых гарадкоў мясцовым органам улады, а таксама захаванне кадравага патэнцыялу і павышэнне ўзроўню ўкамплектаванасці Узброеных Сіл", - сказаў Андрэй Раўкоў.

Пры аптымізацыі баявога і колькаснага складу УС вялікая ўвага ўдзяляецца павелічэнню колькасці баявога кампанента, удасканаленню арганізацыйна-штатных структур органаў кіравання, аб'яднанняў, злучэнняў і воінскіх часцей. "За апошнія тры гады колькасць арміі не змянілася і знаходзіцца ў межах, вызначаных кіраўніком дзяржавы, - каля 65 тыс. чалавек. Разам з гэтым, за кошт скарачэння забеспячальнага кампанента нам удалося істотна павялічыць склад і скараціць тэрміны гатоўнасці падраздзяленняў, здольных неадкладна рэагаваць на любыя выклікі і пагрозы ваеннай бяспекі дзяржавы. Ідзе пазбаўленне ад дубліруючых і другасных структур. Пры гэтым не дапушчана зніжэння баявых магчымасцей злучэнняў і воінскіх часцей, а таксама росту сацыяльнай напружанасці ў воінскіх калектывах", - адзначыў міністр абароны.

Што датычыцца тэхнічнага перааснашчэння Узброеных Сіл, з 2016 года закуплены і пастаўлены ў войскі ваенна-транспартныя верталёты Мі-8МТВ-5, вучэбна-баявыя самалёты Як-130, зенітна-ракетныя комплексы "Тор-М2", мадэрнізаваныя бронетранспарцёры БТР-70МБ1, танкі Т-72Б3 і Т-72Б1, лёгкабраніраваныя аўтамабілі "Кайман", V-1, тэхніка радыётэхнічных войскаў, сродкі разведкі і РЭБ, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, стралковая зброя і боепрыпасы, сродкі аховы і экіпіроўкі ваеннаслужачых. "У першым паўгоддзі на ўзбраенне і забеспячэнне прынята 33 новыя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку лёгкабраніраваны аўтамабіль МЗКЦ, 120 мм мінамёт 2Б23, рэактыўны пяхотны мінамёт РПА ПДМ-А. Таксама ў войскі пастаўлена больш за 20 тыс. адзінак узбраення ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Прадаўжаецца мадэрнізацыя танкаў Т-72Б да ўзроўню Т-72Б3. З ААТ "140 рамонтны завод" заключаны дагавор на пастаўку ў 2019 годзе 22 бронеаўтамабіляў "Кайман", - праінфармаваў міністр.

У рамках дзяржаўнага абароннага заказу войскам таксама пастаўлена сучасная снайперская зброя, сродкі бронеаховы, легкавыя аўтамабілі павышанай праходнасці. Прадаўжаюцца пастаўкі сродкаў радыёэлектроннай разведкі "Торн-8П", "Кондар-К". У сілы спецыяльных аперацый УС пастаўлены батальённы камплект бронетранспарцёраў БТР-70МБ1, чатыры батарэйныя камплекты мінамётаў 2Б23 "Нона-М1", у 120-ю асобную механізаваную брыгаду - батарэйны камплект мінамётаў 2С12Б на айчынным шасі МЗКЦ. "У гэтым годзе вынікам работы па ўмацаванні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Кітаем стала пастаўка 20 браніраваных аўтамабіляў "Дракон". Акрамя таго, па заключаных дагаворах да канца года і ў першай палавіне 2019 года будуць пастаўлены батарэя зенітнага ракетнага комплексу "Тор-М2К", авіяцыйны трэнажор самалёта Як-130, чатыры вучэбна-баявыя самалёты Як-130, 33 браневікі "Кайман" і 32 бронетранспарцёры БТР-70МБ1", - расказаў Андрэй Раўкоў.

"Укамплектаванасць сучаснымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі ВПС і войскаў ППА, РЭБ, РХБА і іншых родаў войскаў ужо сёння патрабуе ад салдата вельмі высокай кваліфікацыі, сярэдняй адукацыі ўжо часам недастаткова", - дадаў ён.

Семінар з кіраўнікамі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі праходзіць на базе 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгады ў Асіповічах. Прысвечаны ён сучаснаму стану і перспектывам развіцця Узброеных Сіл Беларусі. Яго ўдзельнікі азнаёміліся з умовамі быту ваеннаслужачых, з нормамі харчовага забеспячэння асабовага складу. Удзельнікам прадставілі ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі.-0-

Навіны рубрыкі Грамадства
Поўная версія